Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыніць сваё існаванне
Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыніць сваё існаванне, а зона яе адказнасці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, паведаміў журналістам 11 жніўня ў Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько, перадае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.
Паводле слоў Сянько, усе рашэнні для гэтага падрыхтаваныя. Кіраўніцкі персанал будзе пераведзены ў памежныя пункты мытнага афармлення, у іншыя аддзелы. „За кошт такой аптымізацыі будзе ўзмоцненая мяжа. Часткова адбудзецца скарачэнне адміністрацыйнага апарату, які выконваў функцыі кіравання на ашмянскім напрамку”, — растлумачыў старшыня ДМК.
Як заявіў Сянько, Дзяржаўны мытны камітэт „вынесе сур’ёзныя ўрокі” з крымінальнай справы ашмянскіх мытнікаў. У камітэце „працягваюць працаваць над тым, каб увесь асабісты склад вынес вельмі сур’ёзныя ўрокі з шэрагу спраў, па якіх службовыя асобы, у прыватнасці Ашмянскай мытні, былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці”. З боку кіраўніцтва ДМК робяцца захады, звязаныя з ратацыяй кадраў, а іншым разам — са звальненнем службовых асоб. Так, за два з паловай года з мытных органаў з-за карупцыі звольнілі прыблізна 300 чалавек. Прыкладна 2 тыс. службовых асоб і 150 кіраўнікоў розных структурных падраздзяленняў былі пераведзеныя на іншыя ўчасткі. „Гэта дало свае вынікі”, — адзначыў Сянько і звярнуў увагу, што сёлета ў мытных органах не з’явілася ніводнай новай справы карупцыйнай скіраванасці.
Менскі абласны суд 8 жніўня вынес прыгавор па справе ашмянскіх мытнікаў, абвінавачаных у атрыманні хабару. Згодна са звесткамі следства, сума хабару склала прыблізна 900 тысяч долараў. Адзін з ініцыятараў фармавання злачыннай групы былы начальнік пункта мытнага афармлення „Каменны Лог” Гарнік Сарумянц прыгавораны да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Астатнія 13 былых мытнікаў атрымалі ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Аб выяўленні карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні паведаміў 5 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка. Расследаваннем займаўся КДБ. У сакавіку і красавіку 2016 года было затрымана прыблізна 20 былых і дзейных супрацоўнікаў мытнага пункта „Каменны Лог”, пачатыя пяць крымінальных спраў за атрыманне і даванне хабару. З канца лістапада гэтыя справы разглядаюцца ў розных судах Менска. Фігурантамі спраў, згодна з наяўнай інфармацыяй, выступаюць прыкладна 60 чалавек. У Менскім абласным судзе разглядалі справу верхавіны карупцыйнай схемы. Працэсы над іншымі фігурантамі справы ашмянскіх мытнікаў працягваюцца.
БелаПАН