Аштрафавалі, але пакінулі ліцэнзію



Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч распавёў пра складанасці ў працы яго фірмы.

autuhowic22

Нагадаем, што ў мінулым годзе некалькі кіроўцаў ваўкавыскай фірмы «Ніка-таксі 22222» (стваральнік кампаніі – мясцовы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч) заявілі пра тое, што гатовыя пачаць страйк. Таксісты хацелі пратэставаць супраць намераў мясцовай транспартнай інспекцыі аштрафаваць кіроўцаў за перапрацоўку.

Пазней Мікалай Аўтуховіч выказваў парасцярогі, што яго фірму могуць нават пазбавіць ліцэнзіі за нейкія нязначныя парушэнні.

“Дзякуй Богу, мы пакуль працуем, ліцэнзіі нас не пазбавілі, – кажа прадпрымальнік. – Але ж і самі не чакаем з мора надвор’я. Звярталіся ў вышэйшыя інстанцыі, апісвалі сітуацыю. Гэта ж будзе дзікунствам закрываць фірму ў такі час, калі ў краіне паўсюль шырыцца беспрацоўе. Я ўжо не кажу, што ў рэгіёнах наогул практычна немагчыма знайсці працу. Ды і за тыя парушэнні, што былі, наша фірма ўжо панесла пакаранне – заплацілі штраф па рашэнні суда. А па законе прадугледжана альбо штраф, альбо пазбаўленне ліцэнзіі. Двух пакаранняў быць не можа”.

Але ў любым выпадку Мікалай Аўтуховіч зазначае, што “трывожны званочак быў і, магчыма, гэта было, як папярэджанне ад уладаў”. “Маўляў, калі не буду ціха сядзець, то забяруць мой бізнес”, – дадае ён.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя