„Ашурак уратаваў жыцці іншых людзей”
Вітольд Ашурак уратаваў жыцці некаторых іншых людзей – мяркуе Павел Севярынец.
Магілёўскі абласны суд 25 мая пакараў палітвязня Паўла Севярынца сямю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Пасля суда родныя ўпершыню за год змаглі ўбачыцца з ім на спатканні. Жонка Паўла Вольга Севярынец распавяла “Новаму Часу” пра гэтую сустрэчу. Яна адзначыла важнасць агалоскі ўсёй інфармацыі адносна палітвязняў. Павел сказаў ёй: “Чым больш пра мяне гавораць, тым акуратней да мяне ставяцца”.
Севярынец сказаў, што Вітольд Ашурак, магчыма, уратаваў жыцці некаторых людзей, бо пасля яго смерці да зняволеных сталі ставіцца па-іншаму. Таксама іншае стаўленне з’яўляецца і тады, калі вязня часта наведвае адвакат. “Калі ў турме бачаць, што чалавек, так бы мовіць, пад кантролем, ён важны, яму пішуць лісты, дасылаюць бандэролі, ходзіць адвакат — да яго ставяцца акуратней”.
Беларускае Радыё Рацыя