Асмолаўцы і Трактарагораду па-ранейшаму пагражае знос
Ці захаваюцца ў Менску раёны з пасляваеннай забудовай? Гаворка пра пасёлак Трактарнага заводу і Асмолаўку. На пытанне паспрабаваў адказаць намеснік міністра культуры Аляксандар Яцко.
– Што тычыцца раёну Трактарны завод, то для ўключэння ў спіс культурных каштоўнасцяў неабходны цэлы шэраг дакументаў, якія грамадскасць знайсці на дадзены момант не можа. На дадзеным этапе мы знаходзімся на стадыі абгрунтавання ўключэння альбо неўключэння ў дадзены спіс. Што тычыцца Асмалоўкі, гэтае пытанне ў Міністэрстве разглядалася, звярталіся і грамадзяне і Менгарвыканкам, прадстаўнікі Акадэміі навук. З архітэктурнага пункту гледжання дадзены раён каштоўнасць мае, іншая справа – тэхнічны стан гэтых дамоў і развіццё дадзенай тэрыторыі.
То бок, і Асмолаўцы і, так званаму, Трактарагораду па-ранейшаму пагражае знос. Хаця актыўныя працы яшчэ не пачыналіся. Энтузіясты цяпер рэгулярна ладзяць экскурсіі па гэтых раёнах, што збіраюць шмат цікаўных менчукоў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя