Асобаў, што збілі Сяргея Чалага, пакаралі



Нападнікі, што напалі на Сяргея Чалага, атрымалі тры гады калоніі і тры гады „хіміі”.

Суд Цэнтральнага раёна Менска вынес вырак Аляксандру Рублёву і Кірылу Доўнару, якія былі прызнаныя вінаватымі ў збіцці вядомага эканамічнага эксперта Сяргея Чалага і ягонага сябра Анатоля Сакалоўскага.

Аднак не ўсе нападнікі былі прыцягнуты да судовай адказнасці, бо некаторым удалося пераўтварыцца ў сведкаў, кажа пацярпелы Сяргей Чалы:

– Я дагэтуль упэўнены, што больш за дзве асобы ўдзельнічалі ў гэтай справе. Двум удалося пазбегнуць кваліфікацыі абвінавачанага – апынуліся сведкамі. З улікам майго ўражання, што па-першае, грамадская небяспека відавочная. Па-другое, не было бачна раскаяння.

Аляксандр Рублёў і Кірыл Доўнар былі прызнаныя судом вінаватымі па артыкуле хуліганства. Рублёў ужо раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за падобнае ж злачынства, таму атрымаў 3 гады рэальнага зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, Доўнар пакараны 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем на пасяленне. Акрамя таго асуджаныя павінны будуць выплаціць пацярпелым кампенсацыю за маральную шкоду.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск