Асобныя словы старабеларускай мовы варта было б вярнуць ва ўжытак



Асобныя словы старабеларускай мовы варта было б вярнуць ва ўжытак, лічыць загадчыца аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) Наталля Паляшчук.

Сваё меркаванне яна выказала 20 лютага ў Мінску на сустрэчы з удзелам аўтарскага калектыву „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, адказваючы на пытанне БелаПАН, ці можна ўзбагаціць сучасную беларускую мову зафіксаванымі ў шматтомніку словамі. Імпрэза прайшла ў рамках Тыдня роднай мовы, які ладзіць Інстытут мовазнаўства да Міжнароднага дня роднай мовы.

„Адзін з аўтараў „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” Іван Ігнатавіч Крамко займаўся гэтай праблемай, — адзначыла Паляшчук. — У нашым інстытуцкім часопісе „Беларуская лінгвістыка” ён вёў спецыяльную рубрыку, якая называлася „Забытыя скарбы”. Ён прапаноўваў словы старабеларускай літаратурнай пісьмовай мовы, якія сёння цалкам могуць прэтэндаваць [на ўжыванне] і выконваць сваю намінатыўную функцыю. Напрыклад, „лістоўня” — ёмішча для захавання лістоў; „раскошнік” — чалавек, які любіць раскошнае, шыкоўнае жыццё; „ваеннік” — удзельнік ваеннага паходу ды іншыя”.

Паводле слоў кіраўніцы аддзела гісторыі беларускай мовы, праблема вяртання слоў старабеларускай мовы актуальная і па сёння. На яе думку, „будучым даследчыкам варта звярнуць на гэта ўвагу і адсачыць тыя словы”, што вартыя вяртання.

„Канешне, па-рознаму можна да гэтага ставіцца — уводзіць іх ці не ўводзіць [ва ўжытак], — сказала Паляшчук. — Але калі згадаць 1920-я гады, калі развівалася беларуская навуковая тэрміналогія, то і пісьменнікі, і распрацоўшчыкі тэрміналогіі прапаноўвалі якраз звяртацца да актаў Вялікага Княства Літоўскага. Вось, напрыклад, слова „лістоўня”. Як мы яго можам увесці? Іван Ігнатавіч яго прапанаваў, мы можам яго больш папулярызаваць. Калі яго ўжываць, пашыраць, складальнікі сучасных слоўнікаў будуць глядзець — уключаць яго ці не ўключаць. Але калі яго прапанавалі, не значыць, што яго сёння трэба ўключаць. Таму, можа быць, нам можна прыдумаць такі слоўнік-рэзерв”.

„Але гэта павінна быць нейкая асобная навуковая работа. Каб чалавек прапрацаваў усе 37 выпускаў слоўніка і зрабіў нейкія прапановы [па вяртанні асобных слоў]. А там ужо час пакажа, наколькі гэтае слова сёння будзе адаптаванае да нашай лексічнай сістэмы”, — падкрэсліла яна.

Ідэя стварэння гістарычнага слоўніка нарадзілася разам са стварэннем на пачатку 1950-х гадоў аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Да 1972 года лінгвісты складалі спецыяльную картатэку „Слоўнік помнікаў старабеларускай пісьменнасці XIV—XVIII стагоддзяў”. У 1972 годзе пачалася непасрэдна падрыхтоўка слоўніка.

Першы том „Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” выйшаў у свет у 1982 годзе, апошні — 37-мы том — у 2017 годзе. Ён змяшчае 75 тысяч слоў, зафіксаваных у помніках XIV—XVIII стагоддзяў. За аснову былі ўзятыя друкаваныя і рукапісныя помнікі: статуты, хранографы, летапісы, дзелавыя, навуковыя і рэлігійныя дакументы, мемуары.

belapan.by

Фота БелТА