«Астравецкі шлях» працягнецца ў Радашковічах
Па словах старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрыя Кучука, заяўка на правядзенне акцыі супраць будаўніцтва БелАЭС пададзеная заказным лістом у Маладэчанскі райвыканкам. Між тым, пачаліся суды над удзельнікамі першай з ланцугу акцыяў, якая адбылася ў Заслаўі. У прыватнасці, сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец аштрафаваны на 45 базавых велічыняў за заклікі да правядзення „Астравецкага шляху”. Наперадзе суды над Вячаславам Сіўчыкам, Ігарам Ляльковым, Янам Лагвіновічам ды іншымі актывістамі.
Каментуе чалец савету грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій:
– Вы ж разумееце, што ў нашай краіне складана праводзіць такія акцыі. Яны прыводзяць да пакаранняў і рэпрэсій. У Радашковічах мала актывістаў. Чакаць, што там будзе вялікае дзейства, не выпадае. Але гэта добрая інфанагода, каб яшчэ раз напісаць і пагаварыць пра нейкія рэчы. Нават калі прыйдзе дзесяць чалавек, гэта людзі, якія будуць ведаць і разумець пра тое, што адбываецца. Ёсць такая рэч, што беларусы не хочуць думаць пра нейкія рэчы, на якія, як ім здаецца, яны не могуць паўплываць.
Але насамрэч могуць, – упэўненая эколаг Ірына Сухій. Нагадаю, што акцыі ў межах «Астравецкага шляху» ладзяцца штомесяц 26-га чысла. Такім чынам, бліжэйшая адбудзецца 26 чэрвеня ў Радашковічах. Наперадзе – Маладэчна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны і сам Астравец, дзе ўзводзіцца Беларуская АЭС.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя