Астролаг: 2018 год можа стаць для Беларусі жорсткім і бескампрамісным
Найбліжэйшыя тры гады будуць для Беларусі вельмі значнымі, прычым менавіта у 2018 годзе палітычнае супрацьстаянне апынецца найбольш жорсткім і бескампрамісным, прагназуе беларускі астролаг Уладзімір Васюк.
„Гэта звязана з тым, што дэвіз Юпітэра, які праходзіць праз Скарпіён, — „Перамагае наймацнейшы”, — адзначыў ён у каментары БелаПАН. — Юпітэр у Скарпіёне высуне на арэну лідараў адпаведнага складу, якія схільныя да жорсткіх, бескампрамісных дзеянняў і абапіраюцца не толькі на выбаршчыкаў, але і на сілавыя структуры”.
„Агрэсіўныя і бескампрамісныя паводзіны адных сацыяльных груп у адносінах да іншых можа прыводзіць да абвастрэння адносін паміж імі і нават да спроб высвятляць адносіны ўзброеным шляхам”, — прагназуе астролаг.
Беларуссю, паводле яго слоў, кіруе сузор’е Казярог. У 2018 годзе па Казярогу пачнецца праходжанне планеты Сатурн. І калі Юпітэр паказвае характар паводзінаў улады, то Сатурн — гэта паказчык апазіцыі ў адносінах да ўладных структур. Такім чынам, выступы апазіцыі стануць больш сістэмнымі і арганізаванымі.
„Эпохі праходжання Сатурна па гэтым знаку заўсёды былі знамянальныя і лёсавызначальныя у частцы палітычных, эканамічных і культурных пераменаў у нашай краіне і ў нашым рэгіёне. У апошні раз такое адбывалася ў 1988—1991 гадах, а таксама будзе ў 2018—2020 гадах”, — распавёў Васюк.
Згодна з астрапрагнозам, намінальны курс беларускага рубля ў адносінах да долара і еўра будзе падаць — але значна больш павольна, чым рэальны курс у адносінах да гэтых валют. Пры гэтым на міжнародных валютных і фондавых рынках долар ЗША прадэманструе ўпэўненае дамінаванне, асабліва ў адносінах да еўра і японскай іены.
У гады, падобныя да 2018-га, становіцца больш жорсткай падатковае заканадаўства, адзначыў Васюк. „У адрозненне ад мінулых гадоў і нягледзячы на даступнасць крэдытаў для насельніцтва, прадпрыемстваў і фірм, аб’ёмы крэдытавання ў нас у краіне будуць значна меншымі, чым за мінулыя тры гады. Узяць крэдыт будзе лёгка, а аддаць — значна цяжэй, чым у мінулыя гады. Таму можа назірацца істотны спад у такіх галінах, як будаўніцтва, нерухомасць, цяжкае машынабудаванне”, — прагназуе астролаг.
Ён нагадаў, што Сатурн быў у знаку Казярог у 1929—1932 гадах, калі адбывалася вялікая амерыканская дэпрэсія, якая паскорыла ўзрастанне ваеннай напружанасці ў Еўропе, а таксама спад у сусветнай эканоміцы ў 1959—1961 гадах, калі размяшчэнне ядзерных узбраенняў у Турцыі і на Кубе прывялі да Кубінскага крызісу 1962 года.
З улікам гэтага верагоднасць спаду на сусветнай эканамічнай і палітычнай арэне будзе вельмі высокая. Не абміне гэты спад і найбліжэйшага саюзніка Беларусі — Расію: крызісныя з’явы апошніх гадоў у расійскай эканоміцы набяруць крытычную масу ў лютым і ліпені 2018 года.
А вось у паўднёвай суседкі Беларусі — Украіны — справы пойдуць лепш. Гэта звязана з уваходжаннем планеты Уран ў знак Цяльца, што азначае перыяд рэальных рэформ, эканамічных пераўтварэнняў, адзначыў Васюк.
Што тычыцца стасункаў Беларусі з іншымі краінамі, то, паводле яго прагнозаў, ёсць верагоднасць значнага пагаршэння адносін з Літвой і Расіяй у процівагу збліжэння з Украінай, Польшчай і іншымі краінамі ЕС.
Знешнепалітычны вектар Беларусі не зведае істотных змен. Як і раней, краіна будзе выкарыстоўваць супярэчнасці, якія існуюць паміж суседзямі, адзначыў астролаг.
Калі ж казаць пра тэндэнцыі ў цэлым, то новы год запатрабуе ад кожнага актыўнай жыццёвай пазіцыі — у адносінах да сябе, сваёй сям’і, блізкага і аддаленага атачэння, прагназуе Уладзімір Васюк.