Асцярожна: дзеці на дарогах!
У сувязі з павялічэннем на Берасцейшчыне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, супрацоўнікі ДАІ праводзяць прафілактычна-асветніцкія акцыі. Негатыўная тэндэнцыя назіраецца па ўсёй краіне. За год, па стане на 10 верасня, адбылося 281 ДТЗ з удзелам дзяцей, у выніку чаго загінула 22 дзіцяці.
Пад асобай увагай у берасцейскіх супрацоўнікаў ДАІ знаходзяцца дарожныя ўчасткі каля навучальных устаноў. Вядзецца маніторынг не толькі кіроўцаў, але і бацькоў. Па словах начальніка аддзела агітацыі Берасцейскага абласнога ўпраўлення ДАІ Наталлі Сахарчук, менавіта бацькі ўпершую чаргу адказныя за бяспеку дзяцей:
– Для таго, каб нашыя дзеці не гінулі пад коламі аўтамабіляў, для таго, каб нашыя дзеці не цярпелі на пешаходных пераходах, асноўны акцэнт павінны рабіць бацькі. Яны павінны наглядна паказваць, як правільна паводзіць сябе на дарозе, як выконваць правілы дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ будуць здзяйсняць строгі кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху.
У Берасцейскай вобласці, па стане на 1-е верасня, адбылося 42 дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзяцей, загінула трое непаўнагадовых.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя