Асцярожна – грыбы!
Грыбны сезон – у разгары. Паводле супрацоўнікаў лясгасаў, калі раней па грыбы хадзілі пераважна вяскоўцы або пенсіянеры-дачнікі, то цяпер шмат маладых людзей. Спецыялісты заклікаюць пры гэтым не збіраць грыбы каля шашы, чыгункі або ў забароненых месцах. Акрамя таго, што грыб сам па сабе не зусім бяспечны прадукт харчавання, ужываць яго можа не кожны, кажа супрацоўніца пінскага Цэнтру гігіены ды эпідэміялогіі Наталля Ветрава:
– Грыбы – гэта цяжкая ежа, не рэкамендуецца іх ужываць людзям, якія хварэюць хранічнымі хваробамі пячонкі, страўніка. Не рэкамендуецца цяжарным, маладым мамам і забаронена дзецям да трох гадоў.
Сабраныя грыбы рэкамендуецца праверыць на ўтрыманне радыяцыі. Гэта магчыма зрабіць у кожнай лясной гаспадарцы, або ў Цэнтрах гігіены ды эпідэміялогіі. Адмысловыя лабараторыі ёсць таксама і на рынках.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя