Асуджанаму за забойства ў Чэрыкаве дазволяць сустрэцца са святаром



Сястра асуджаных да смяротнага пакарання Ганна Косцева змагла 21 студзеня сустрэцца з братамі ў магілёўскай турме, паведамляе „Магілёўская вясна”.

Ганна адзначыла, што іх трымаюць у «вельмі жорсткіх» умовах. Сярод іншага яна казала, што іх ужо апранаюць у робы з літарамі И.М.Н. (выключная мера пакарання), хоць прысуд не набыў моцы, ёсць магчымасць абскарджання. Але да Стаса паабяцалі пусціць святара, хоць раней адмаўляліся прымаць заяву.

Нагадаем, 10 красавіка 2019 года ў Чэрыкаве пасля пажару было знойдзена цела 47-гадовай мясцовай настаўніцы – Наталлі Кастрыцы са шматлікімі нажавымі раненнямі. Неўзабаве затрымалі братоў Косцевых, якім і выставілі абвінавачанне ў забойстве.

Смяротны вырак братам за жорсткае забойства 10 студзеня вынес Магілёўскі абласны суд. Абвінавачаныя сваю віну прызналі. У апошнім слове яны раскаяліся ва ўчыненым злачынстве і папрасілі прабачэння ў родных забітай.

Ганна Косцева раней распавяла праваабаронцам «Вясны», што пасля смяротнага прысуду братам ёй прыйшлося з’ехаць з горада, бо там цкавалі не толькі яе, але і ейных дзяцей у школе і дзіцячым садку.

Беларускае Радыё Рацыя