Асуджаны па „справе Аўтуховіча” Уладзімір Гундар 7 дзён правёў у ШІЗА
Пачынаючы з 9 чэрвеня асуджаны па „справе Аўтуховіча” Уладзімір Гундар ужо 7 дзён правёў у ШІЗА бабруйскай калоніі, паведамляе „Медыязона” на падставе сведчанняў знаёмых палітвязня.

Блізкія асуджанага распавялі, што 7 чэрвеня Гундара адправілі на „этап”. 8 чэрвеня ноччу яго прывезлі ў бабруйскую калонію. 9 чэрвеня ён быў змешчаны ў „каранцін” на два тыдні. Знаёмыя асуджанага кажуць, што першы раз яго змясцілі ў ШІЗА 14 чэрвеня на чацвёра сутак. Другі раз мужчыну адправілі ў ШІЗА ў дваццатых чыслах на трое сутак.
Знаёмыя Гундара лічаць, што яго змяшчаюць у ШІЗА за тое, што ён адмаўляецца падпісваць любыя дакументы. Тым самым яны „рыхтуюць глебу” для завядзення новай крымінальнай справы за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі”.
У 2021 годзе фігуранта „справы Аўтуховіча” 60-гадовага Уладзіміра Гундара асудзілі да 3 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў гвалце над следчым. У кастрычніку суд асудзіў мужчыну да 18 гадоў калоніі. Яго прызналі нібыта вінаватым у стварэнні злачыннай арганізацыі і замаху на захоп улады.
