Асуджаным за наркотыкі пагоршаць умовы знаходжання ў зняволенні
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь мае намер зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання для асуджаных паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў). Гэта стала вядома пасля сустрэчы ініцыятараў стварэння сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” з кіраўніком дэпартамента выканання пакаранняў Сяргеем Дарошкам. Высокапастаўлены чыноўнік паведаміў, што новаўводзіны будуць прынятыя заканадаўча па ініцыятыве прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня ініцыятыўнай групы па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар лічыць, што такія захады істотна адаб’юцца як на тых, хто знаходзіцца за кратамі, так і на іх родных:
– Умоўна датэрміновае вызваленне, замену рэжыму, а таксама амністыю яны могуць не чакаць. Вес пасылак, якія дазволена хлопцам атрымліваць, будзе зменшаны, будзе зменшана і колькасць высылаемых, перадаваемых грашовых сродкаў для набыцця прадуктах. Спатканні могуць таксама скараціць ад трох сутак да сутак.
У межах прафілактыкі спажывання наркотыкаў у краіне ствараюць адзіную сістэму ўліку асобаў, якія ўжываюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.
У беларускіх турмах асуджаныя паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса маюць спецыяльныя нашыўкі зялёнага колеру. У будучым іх плануюць апранаць у жоўтую форму.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя