Асуджаныя паведамляюць пра пагаршэнне ўмоваў утрымання ў турмах



Асуджаныя паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў) праз сваіх родных паведамляюць пра істотнае пагаршэнне ўмоваў утрымання ў беларускіх турмах.

У прыватнасці, адміністрацыя ўстановаў пенітэнцыярнай сістэмы забараняе атрымліваць ад родных сухое малако, распушчальную каву, вопратку, абутак ды іншыя рэчы.

Свае дзеянні супрацоўнікі праваахоўных органаў нічым не тлумачаць, а маці асуджаных лічаць, што гэта не што іншае, як праявы здзеку над іх дзецьмі:

– Медыцынскія пасылкі ім не дазваляюцца, для гэтага трэба, каб было хранічнае захворванне. На ўсе запыты мне прыходзілі адказы: “вы не ўдзельнік працэса”.

У Гародні маці асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса ствараюць грамадскую арганізацыю, якая будзе абараняць інтарэсы дзяцей, што трапілі за краты.

Многія прысуды, на думку бацькоў, вынесеныя з парушэннем заканадаўства на неабгрунтавана вялікія тэрміны зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя