Асуджаныя рэчыцкія ўрачы абскарджваюць прысуд
Гомельскі абласны суд 13 чэрвеня пачаў разгляд апеляцыйных скаргаў, якія паступілі на рашэнне суда Рэчыцкага раёна ад лекараў, абвінавачаных у неналежным выкананні абавязкаў, што прывяло да смерці пацыента (арт. 162 КК).
Скаргу на прысуд суда першай інстанцыі падала і раённая бальніца — грамадзянскі адказчык па справе. Установу аховы здароўя суд абавязаў выплаціць пацярпелай, удаве 40-гадовага Анатоля Кавалевіча, 60 тыс. рублёў. Бальніца спасылаецца ў скарзе на тое, што паміж смерцю пацыента і дзеяннямі ўрачоў няма прамой сувязі, а ў бюджэце ўстановы не прадугледжаны такі артыкул расходаў, як грашовая кампенсацыя маральнай шкоды. Абвінавачаныя — кардыёлаг Таццяна Краўчанка і тэрапеўт Кацярына Шабетнік — не прызнаюць віну. Яны ўпэўненыя, што правільна і своечасова аказвалі дапамогу пацыенту і не маглі прадбачыць, што мужчына памрэ. На думку асуджаных, стэноз у хворага развіўся вокамгненна, клініка была атыповай, у пацыента быў нізкі імунны статус.
На судзе ў Рэчыцы было даказана, што пацыент неаднаразова скардзіўся на болі ў горле, абцяжаранае дыханне, прасіў выклікаць лора або хірурга, аднак лекары ігнаравалі яго просьбы. У выніку мужчына ўпаў і памёр — у яго звузіліся сценкі гартані, развіўся стэноз.
„Ён жа хадзіў за вамі! За адной і другой! За колькі часу развіваецца стэноз? Я ведаю — ад трох гадзін да сутак. Вы б маглі выклікаць лора або хірурга, і спецыялісты ўбачылі б, што ў яго абсцэс, але вы гэтага не зрабілі”, — адзначыла суддзя. Адвакат адной з абвінавачаных паўтарыла, што „лекары не багі, не могуць прадбачыць”.
Абаронца пацярпелай Павел Шамко ў сваім выступе адзначыў, што рашэнне суда Рэчыцкага раёна законнае і абгрунтаванае. Каб выратаваць Кавалевіча, які не пакутаваў ад невылечнай хваробы, урачам трэба было зрабіць нескладаныя дзеянні — выклікаць вузкага спецыяліста (лора або хірурга) і правесці агляд горла з дапамогай спецыяльнага люстэрка, якое было ў арсенале лекараў яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя.
Прадстаўнік пракуратуры палічыла апеляцыйныя скаргі неабгрунтаванымі.
Суд зрабіў перапынак да 4 ліпеня для выкліку эксперта.
Суд Рэчыцкага раёне 11 красавіка вынес абвінаваўчы прысуд урачам раённай бальніцы — кардыёлагу Таццяне Краўчанцы і тэрапеўту Кацярыне Шабетнік — паводле ч. 2 арт. 162 КК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, якія пацягнулі смерць па неасцярожнасці). Кожная з іх прыгавораная да абмежавання волі на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і штрафу ў 40 базавых велічынь (980 рублёў). Суд спагнаў з бальніцы кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелай у 60 тыс. рублёў. Маладым спецыялістам забаронена займацца медыцынскай практыкай на працягу пяці гадоў.
Жыхар Рэчыцы Анатоль Кавалевіч памёр ад лёгачна-сардэчнай недастатковасці ў маі 2016 года. У інфекцыйнае аддзяленне раённай бальніцы ён трапіў з дыягназам „фалікулярная ангіна”. Пацыент неаднаразова скардзіўся на боль у горле, прасіў выклікаць оталарынголага, але дзяжурныя тэрапеўты праігнаравалі яго просьбы, спасылаючыся на выхадны дзень. У мужчыны пачаліся ўскладненні, у тым ліку стэноз гартані, рэанімацыйныя дзеянні не далі выніку.
Жонка Кавалевіча пісала скаргі ў розныя інстанцыі, крымінальная справа тройчы распачыналася і спынялася. У выніку лекараў прыцягнулі да адказнасці. Сваю віну яны цалкам і „катэгарычна” не прызналі, на судзе сцвярджалі, што аказалі пацыенту неабходную дапамогу, а ўскладненні могуць мець вокамгненны характар.
Пацярпелая, удава Кавалевіча Ганна, зараз адна гадуе траіх дзяцей: малодшаму сыну ў маі споўнілася тры гады, дачцэ — восем, старэйшаму сыну 14 гадоў.