Асудзілі пінчукоў, якія былі супраць вайны
У Пінску цягам двух дзён судзілі ўдзельнікаў мірнай нядзельнай акцыі супраць вайны ва Украіне. Пакаралі дзевяцярых пінчукоў, якія 27 лютага выйшлі на плошчу з плакатамі “Не – вайне!”. Двум мужчынам далі па 15 сутак, а семярым прысудзілі штрафы ад 640 рублёў да 3200 беларускіх рублёў.
Грамадская дзяячка Вераніка Іванова адзначае, што на гэтым пераслед не спыняецца:
– Гэтыя людзі будуць зафіксаваны ў базах і з гэтага моманту будуць пад пільнай увагай. Адной з затрыманых было сказана на працы, што ты будзеш звольненая бліжэйшым часам. То-бок, нягледзячы на тое, што мы ходзім на парады 9 Мая, людзі, якія сказалі „Не – вайне!”, церпяць пераслед і рэпрэсіі ад дзяржавы.
Суразмоўца дадае, што ўсяго ўдзельнікаў супрацьваеннай акцыі ў Пінску было каля 50 чалавек, усё адбылося стыхійна. На плошчы з’явілася два-тры чалавекі з плакатамі, і іх пачалі падтрымліваць мінакі. Калі з’явіліся міліцыянты і АМАПаўцы, пасля невялікіх перамоў частку ўдзельнікаў затрымалі.
Беларускае Радыё Рацыя