Асудзілі яшчэ адну студэнтку віцебскай ветакадэміі
Паводле міліцэйскага пратакола, Марыя Заранава парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, калі 2 верасня выйшла на ланцуг салідарнасці да галоўнага корпуса віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Адміністрацыйная справа разбіралася ў судзе Кастрычніцкага раёна, і суддзя Ілля Белавус пакараў дзяўчыну штрафам памерам 81 рубель.
Сама Марыя Заранава вінаватай сябе не лічыць:
– Я лічу гэта несправядлівым. Праз тое, што я стаяла на знак салідарнасці са студэнтамі, перадусім менскімі, якія 1 верасня выйшлі на падобныя акцыі і былі затрыманыя. Такім чынам я хацела выказаць салідарнасць, нікога ні да чаго не агітавала. І за гэта мне далі 3 базавыя штрафу.
Марыя Заранава стала ўжо чацвёртай студэнткай ветэрынарнай акадэміі ў ліку тых, каго пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. І калі раней пакараныя студэнты казалі пра тое, што ў іх не так шмат смелых аднадумцаў, гатовых выйсці на вуліцу з пратэстамі, то цяпер яны адзначаюць, што ў акадэміі стварылася цэлая супольнасць маладых людзей, неабыякавых да таго, што адбываецца ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск