Асвяціў яйкі – адзначыў Вялікдзень?
Шмат хто з беларусаў лічыць, што калі асвяціў фарбаваныя, распісаныя яйкі ў касцёле, то і адзначыў Вялікдзень. “Але гэта не так”, – гаворыць старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
– Застаюцца апошнія дні, і я проста заклікаю вернікаў: тыя, хто яшчэ не быў у споведзі, хто яшчэ не падрыхтаваўся, патрэбна найважнейшае – гэта адбыць споведзь, каб самому ўваскрэснуць. Традыцыя асвяціць яйкі, асвяціць пасхальныя стравы, пасхальную ежу – гэта добрая традыцыя. На жаль, многія лічаць, што калі асвяціў яйкі, то ўжо адсвяткаваў святы. Але гэта зусім не так.
Сёлета агульнанацыянальнай тэлетрансляцыі велікоднай імшы з менскай катэдры не будзе. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі вырашыла, што трансляцыя пойдзе з Берасця, каб падкрэсліць значэнне гэтага горада ў сувязі з ягоным 1000-годдзем.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск