Атака на ТУТ.БАЙ можа вярнуцца ўладам бумерангам



Атака на ТУТ.БАЙ можа вярнуцца ўладам бумерангам. Крымінальны пераслед адказных асобаў, – гэта адно, але іншая справа, – гэта закрыццё самага масавага беларускага інфармацыйнага рэсурсу, – лічыць кіраўніца інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына.

Па яе словах, мільёны людзей і ў Беларусі, і за мяжой рэгулярна чытаюць ТУТ. БАЙ. Чытаюць яго і самі чыноўнікі: 

– І гэта не толькі ТУТ. БАЙ, прыйшлі і ў hoster.by і Пошту ТУТ. БАЙ, паслугамі якіх карыстаюцца і дзяржустановы. Іх нават гэта не спыняе. Яны сякуць сук, на якім сядзяць. Гэта такая нянавісць да журналістаў, такая нянавісць да свабоднага слова, што яны гатовыя пайсці на ўсё. Калі яны разлічваюць, што людзі пачнуць масава чытаць “СБ” ці “БелТА”, то гэта проста смешна!

„А калі ўлады разлічваюць яшчэ і запалохаць, то скажу за сябе і за сваіх калег, з якімі працую, – нам не страшна. Хутчэй адчуваем гнеў і ярасць. Нас гэтая сітуацыя толькі мабілізуе”, – кажа Ірына Леўшына.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН