Атруцілі раку Дзітву



На Лідчыне атруцілі раку Дзітву, правы прыток Нёмана. Жыхары вёсак і дачных пасёлкаў, якія стаяць абапал берагоў Дзітвы, заўважылі, што вада ў рацэ стала мутнаю, мае непрыемны пах каналізацыі, а да берагоў прыбівае мноства нежывой рыбы. Паведамленні пра гэтыя змяненні Дзітвы пачалі з’яўляцца ў сетцы Інтэрнэт літаральна ўчора.

Жыхары Лідчыны абураюцца, бо Дзітва – гэта любімае месца адпачынку, а таксама добрае месца для аматараў рыбалкі. Пра тое, як змянілася вада ў рацэ расказваюць непасрэдныя сведкі.

– Шчыра кажучы, я не думаў, што так жорстка будзе. Проста па факту, Дзітву атруцілі. Спускаешся да вады, смярдзіць так, што аж на ваніты цягне. Рыба падохла, плыве. Вада сівая, брудная, як жыжа нейкая. Густая нават месцамі.

– Дзітва заўсёды славілася. Вада заўсёды была празрыстая, халодная. Там крынічная вада. А тут я проста ў шоку быў! Я такой вады не бачыў. Яна густая, як кісель, і плаваюць клубы невядома чаго. Проста жахліва.

Сведкі кажуць, што нават у мінулыя гады такого не назіралася, а бруд у Дзітву ідзе праз яе левы прыток, які пачынаецца на ўскрайку Ліды.

ЖКГ у сваю чаргу тлумачыць сваю недатычнасць да лакальнай экалагічнай катастрофы. І тлумачыць змены якасці вады ў Дзітве спякотным надвор’ем.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя