Атрыманы дазвол на правядзенне Лошыцкай акцыі памяці
Менгарвыканкам дазволіў правядзенне 8 лістапада традыцыйнай акцыі ў Лошыцы ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, прымеркаванай да дня памінання продкаў «Дзяды». Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Юрась Беленькі.
– Па-праўде, я і чакаў, што будзе станоўчы адказ, бо быў станоўчы адказ на нашу асноўную дзядоўскую акцыю – традыцыйнае шэсце на Курапаты і мітынг у Курапатах. То на гэтую лакальную, маленькую акцыю, я меркаваў, не будзе ніякіх перашкодаў. Так яно і здарылася. Таксама як і на асноўную акцыю ў гэтым годзе Менгарвыканкам не патрабаваў грошы, не пайшоў на такое парушэнне як летась. Спадзяемся, што прыйдуць людзі.
Збор удзельнікаў акцыі будзе праходзіць з 12.00 да 12.30 каля Палаца культуры «Лошыцкі». Затым пачнецца шэсце-дэманстрацыя да Лошыцкага яра, дзе каля памятнага знака ў гонар бязвінна расстраляных адбудзецца мітынг. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі – да 500 чалавек.
Па дадзеных гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача – месца размяшчэння спецкаманды НКУС, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя