Атрымаць беларускі пашпарт замежнікам стане прасцей
У Беларусі плануецца спрасціць працэдуру атрымання грамадзянства па «праве глебы». Адпаведныя папраўкі ўнесеныя ў законапраект, які на вясновай сесіі разгледзіць у першым чытанні Палата прадстаўнікоў. Плануецца пэўная лібералізацыя працэдуры набыцця беларускага грамадзянства.
«Дзіця ад замежніка, якое пастаянна пражывае ў Беларусі, можа атрымаць грамадзянства ў спрошчаным парадку, прайшоўшы пэўныя працэдурныя моманты», – перадае БЕЛТА словы начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксея Бегуна.
У спрошчаным парадку беларускае грамадзянства штогод атрымліваюць каля трох тысяч замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства. «Гэта Расея, Украіна, усе дзяржавы былога Савецкага Саюза і некаторыя краіны далёкай дугі», – тлумачыць міліцэйскі чыноўнік.
Беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку прапануецца надаваць замежнікам, якія атрымліваюць у нашай краіне прафесійную адукацыю. Пры гэтым тэрмін, на працягу якога чалавек павінен бесперапынна пражываць у Беларусі, скарачаецца з 7 да 5 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя