Аўгустоўскі канал прапануюць для ўключэння ў Спіс ЮНЕСКА
Пытанне падрыхтоўкі дасье Аўгустоўскага канала для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА разгледзіць беларуска-польская кансультацыйная камісія па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на пасяджэнні ў Менску 27 чэрвеня, паведаміў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік.
Пытанне аб унясенні прапановы сумеснага аб’екта Беларусі і Польшчы, што прэтэндуе на ўключэнне ў прэстыжны спіс, стане адным з галоўных, паколькі намінацыйнае дасье спецыялісты дзвюх краін рыхтавалі некалькі гадоў. У Беларусі чакаюць спецыялістаў ІКАМОС, якія дадуць свае заключэнні па дасье, па ўстараненні заўваг, дадзеных раней.
У парадку дня таксама абмеркаванне далейшых напрамкаў дзейнасці ў сферы рэстаўрацыі на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Размова пойдзе аб тых, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы з удзелам польскіх спецыялістаў: касцёл у Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці, кансервацыя насценных роспісаў у касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, рамонт і рэстаўрацыя капліцы ў Гародніках Ашмянскага раёна, рамонт лямуса – драўляных складскіх памяшканняў на тэрыторыі кляштара брыгітак у Гародні.
Акрамя таго, польскі бок прапануе комплекс мер па кансервацыі і захаванні органа, які знаходзіцца ў касцёле Святой Тройцы ў Смаргонскім раёне.
Будуць падведзены вынікі работы 22-й міжнароднай летняй Нясвіжскай школы, першы этап якой праходзіў у Беларусі. Другі этап пройдзе ў жніўні на тэрыторыі Польшчы. Тэматыка цяперашняга курса – фарміраванне культурнага ландшафту.
Яшчэ адной тэмай сустрэчы беларускіх і польскіх спецыялістаў стане супрацоўніцтва паміж бібліятэкарамі. Адзін з важных сумесных праектаў – інвентарызацыя рукапісаў Нясвіжскай бібліятэкі.
Пытанне правядзення рамонтных работ на польскіх воінскіх могілках у Беларусі таксама заяўлена да разгляду. Такая дамоўленасць ёсць, польскі бок плануе пачаць рамонт ужо ў бягучым годзе.
Важным для Беларусі і Польшчы з’яўляецца пытанне супрацоўніцтва ў архіўнай справе. У прыватнасці, беларускіх спецыялістаў цікавяць дакументы ў архівах Польшчы, якія могуць дапамагчы ў рэстаўрацыі Старога замка ў Гародні, сядзібы ў вёсцы Свяцк Гарадзенскай вобласці. Польскія спецыялісты таксама хочуць азнаёміцца з пэўнымі матэрыяламі.
Дэлегацыя Польшчы наведае аб’екты Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі – Мірскі і Нясвіжскі замкі.