Аўгустоўскі канал з беларускага боку застаецца без турыстаў



Бягучы сезон адпачынкаў не стаў прыцягальным для турыстаў на Аўгустоўскім канале. Іх колькасць істотна зменшылася – прычым як беларусаў, так і іншаземцаў. Шлюзы на канале паступова прыходзяць у заняпад і становяцца малацікавымі для аматараў воднага адпачынку. Гэты факт канстатуюць гаспадары аграсядзібаў, што месцяцца ў раёне канала: першы летні месяц паказаў, што адпачынак тут незапатрабаваны.

– Прыязджаюць, бывае, сем’ямі. Пасядзяць, пазагараюць і паехалі. І гэта ўвесь турызм. Параходзік гэты з Гародні яшчэ ні разу не праходзіў. Летась пару разоў праходзіў паўпусты, сёлета яшчэ ні разу. Трэба неяк больш увагі надаваць каналу і сапраўды, калі мы хочам, каб былі турысты, то трэба нешта рабіць, каб прывабіць людзей.

У 2011 годзе ўказам прэзідэнта краіны дзеля стварэння спрыяльных умоваў для развіцця турызма і турыстычнай інфраструктуры быў створаны спецыяльны турыстычна-рэкрэацыйны парк “Аўгустоўскі канал”. Права кіравання паркам ускладзена на адміністрацыю свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”. Аднак за 4 гады існавання толькі адзін інвестар выказаў жаданне ўкласці сродкі ў развіццё інфраструктуры аб’екта.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня