Аўстралія і Нідэрланды ініцыявалі працэс супраць Расеі з-за малайзійскага Boeing
Аўстралія і Нідэрланды ініцыявалі разбіральніцтва ў рамках ICAO у дачыненні да Расеі з-за збітага ў 2014 годзе рэйса MH17 Malaysia Airlines. Значную частку ахвяраў катастрофы складалі грамадзяне гэтых дзвюх краін.
У заяве МЗС Аўстраліі сцвярджаецца, што самалёт быў збіты ЗРК „БУК”, які быў дастаўлены з Расеі ў раён, які кантралюецца сепаратыстамі. ЗРК належаў 53-й зенітнай брыгадзе РФ і суправаджаўся расейскім баявым разлікам. Аўстралійскі бок ускладае адказнасць за пуск ракеты менавіта на расейскіх вайскоўцаў.
Адзначаецца, што ў кастрычніку 2020 года Расея выйшла з перамоваў з Нідэрландамі і Аўстраліяй наконт інцыдэнту.
„Адмова Расейскай Федэрацыі ўзяць на сябе адказнасць за сваю ролю ў крушэнні рэйса MH17 з’яўляецца непрымальнай, і ўрад Аўстраліі заўсёды заяўляў, што ён не выключае ніякіх юрыдычных магчымасцяў у нашым імкненні да правасуддзя”, – гаворыцца ў заяве.
Пачатак разгляду ў рамках ICAO з’яўляецца дадаткам у судовым працэсе над чатырма абвінавачанымі ў нападзе рэйса MH17, які зараз ідзе ў Нідэрландах.