Аўтамабіль, на якім вярталася з Кіева маці Жызнеўскага, дагледзелі на мяжы
28 красавіка беларускія памежнікі і мытнікі спынілі для поўнага надгляду аўтамабіль, на якім з украінскай сталіцы вярталася ў Гомель маці Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага.
„У Кіеве мы вырашалі пытанні з дакументамі. Раней прэзідэнт Украіны прызначыў нам дапамогу за загінулага сына, цяпер дэпутаты Рады абяцаюць даць Мішу званне Героя Украіны. На мяжы спынілі, нічога не растлумачылі, загналі аўтамабіль у бокс на поўны надгляд. Я не магла выйсці з машыны, бо дрэнна сябе адчуваю, мяне муж ледзь выцягнуў на сабе. Гэта здзек з нас”, — паведаміла БелаПАН Ніна Жызнеўская.
У пенсіянеркі сур’ёзныя праблемы са здароўем, раней яна праходзіла абследаванне i лячэнне ва Украіне пры падтрымцы прадстаўнікоў улады і розных фондаў.
13 красавіка Вярхоўная рада Украіны дазволіла прысвоіць званне Героя Украіны беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, які ў ліку першых загінуў на Майдане ў 2014 годзе. За адпаведныя змены ў закон аб дзяржаўных узнагародах Украіны прагаласавала 235 дэпутатаў. Паводле змен, званне „Герой Украіны” дазваляецца ў выглядзе выключэння прысвоіць і замежніку, пасмяротна удастоенаму ордэна Герояў Нябеснай сотні.
Член украінскай арганізацыі УНА-УНСА гомелец Міхаіл Жызнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі. 18 лістапада 2015 года прадстаўнік Генпракуратуры Украіны паведаміў, што Жызнеўскага забіла куля, якую выкарыстоўваюць у МУС для прыпынення транспартных сродкаў. 26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрылі помнік загінуламу. Бацькам беларуса Ніне і Міхаілу Жызнеўскім быў уручаны ордэн Герояў Нябеснай сотні. Летась украінскі ўрад прызначыў ім пажыццёвую стыпендыю.
Фота Новы Час