Аўтамабіль з двума дзецьмі сутыкнуўся з грузавіком



Аўтамабіль „Шкода” з двума дзецьмі сутыкнуўся з грузавіком ў Дзяржынскім раёне, паведамілі БЕЛТА ва УДАІ УУС Менаблвыканкама. ДТЗ адбылося сёння ў 4.45 на 23-м км аўтадарогі Менск-Дзяржынск, непадалёк ад гарадскога пасёлка Фаніпаль.

Кіроўца, расіянін 1982 года нараджэння, не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем МАН, якія ехаў перад ім. Пасля ўдару легкавушка ўрэзалася ў бар’ерную агароджу. У салоне „Шкоды” былі малалетнія дзеці, хлопчыкі 2008 і 2010 гадоў нараджэння. «У момант аварыі яны знаходзіліся ў дзіцячых сядзеннях. Старэйшы не пацярпеў, у малодшага – ірваная рана носа. Сур’ёзныя траўмы атрымала жонка кіроўцы, 1986 года нараджэння”, – распавялі ў УДАІ.

Вадзіцелі легкавушкі і грузавіка не пацярпелі. Па адной з версій, прычына ДТЗ у ператамленні кіроўцы за рулём. Праводзіцца праверка.

Фота УДАІ УУС Менаблвыканкама