Аўтамабільнае паліва зноў даражэе



У Беларусі зноў даражэе аўтамабільнае паліва. З 21 лютага на 1 капейку. Пра гэта паведамляе прэс-служба „Белнафтахіма”.

У чацвер кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра ўжо складае 1,44 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,55 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,76 рубля, дызельнае паліва каштуе 1,55 рубля.

„Белнафтахім” спасылаецца на стабільны рост цаны на нафту ў лютым 2019-га, яна ўжо наблізілася да 66 долараў за барэль.

„Такім чынам, кошт нафты выйшаў за межы цэнавога калідора, у рамках якога захоўвалася магчымасць падтрымання бягучага ўзроўню рознічных цэн на аўтамабільнае паліва, — адзначае прэс-служба канцэрна. — Ва ўмовах фармавання кошту на нафту для беларускіх НПЗ у 2019 годзе для падтрымання эфектыўнай працы заводаў неабходная карэкціроўка цэн на маторнае паліва для беларускага рынку”. Таму, у адпаведнасці з прынятай раней стратэгіяй паступовых зменаў цаны, і было вырашана падвысіць кошт на аўтамабільнае паліва.

Папярэдняе падаражанне адбылося 27 студзеня.