Аўтаслесар з Чачэрску накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека



Аўтаслесар з Чачэрску Арцём Кавалёў накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Маладзён вінаваціць беларускую дзяржаву ў абмежаванні права на мірныя сходы. У пачатку 2017 года Арцёма Кавалёва прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у антыдармаедскім мітынгу ў Гомелі, на якім ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг.

– Я іх не чапаў, пачнем з гэтага, яны самі да мяне прыйшлі з гарвыканкама, маўляў, я павінен грошы заплаціць за незразумелы падатак на дармаедаў. Хаця ўсе тут разумеюць, хто тут дармаеды і колькі дармаедаў. Колькі ў нас унутраных войскаў. Я прыйшоў на мітынг і узяў з сабой бел-чырвона-белы сцяг, каб разумелі, што я выходжу пад чыстым сцягам.

Арцём Кавалёў правёў 10 сутак у ізалятары часовага ўтрымання за ўдзел у акцыі пратэсту 19 лютага. Пра яго выпадкова дазнаўся праваабаронца Леанід Судаленка, які арганізаваў дапамогу адваката, а потым дапамог абскардзіць неправамерны арышт у беларускіх судах.

Беларускае Радыё Рацыя