Аўтавакзал у Берасці будзе гучаць па-беларуску (абноўлена)



Стала вядома што новапабудаваны аўтавакзал у Берасці будзе гучаць па-беларуску. Пра гэта паведамляецца ў адпаведным прэс-рэлізе ініцыятывы пад назвай „Аўтавакзал па-беларуску”. На роднай мове плануецца зрабіць агучванне адпраўлення і прыбыцця транспарту па усіх маршрутах, а дадаткова, па-англійску рэйсы з міжнародных напрамкаў. Раней, 12 сакавіка, пад час сустрэчы прадстаўнікоў кампаніі з кіраўніцтвам „Брэстаблаўтатрансу” і новага аўтавакзалу было агучана таксама тое, што афармленне надпісаў будзе таксама беларускамоўным з дубляваннем на англійскую.

Кажа Дзмітрый Шыманскі, прадстаўнік ініцыятараў кампаніі:

– За апошнія гады мы занядбалі напрамак папулярызацыі беларускай культуры. Мы толькі ў сваім атачэнні гэтым займаліся. А зараз мы вяртаемся да больш шырокага фармату пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. Новы аўтобусны вакзал у Берасці – каб усё афрмленне ў ім было зроблена на беларускай мове.

Ініцыятыву „Аўтавакзал па-беларуску” рэалізавала агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч” у межах кампаніі „Наша мова”. Подпісы за беларускамоўнае афармленне і агучванне на новым аўтавакзале збіраліся анлайн, а ў Дзень роднай мовы 21 лютага і ўжывую. Сам жа новы аўтавакзал цяпер знаходзіцца на вуліцы Арджанікідзэ, побач з чыгуначным.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

***

Як распавяла Дар’я Намятава, каардынатар ініцыятывы „Аўтавакзал па-беларуску”, кіраўніцтва аўтавакзала плануе зрабіць агучванне адпраўлення і прыбыцця транспарту на беларускай мове. Рэйсы, якія накіроўваюцца ў замежныя гарады, будуць дадаткова агучвацца на ангельскай мове.

Начальнік аддзела арганізацыі перавозак ААТ “Брэстаблаўтатранс” Барыс Калінін паведаміў, што ініцыятыву аб беларусізацыі “сэрца” міжгародніх і міжнародных перавозак падтрымаў і старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Нагадаем, што 12 сакавіка ў офісе АРР “Дзедзіч” адбылася сустрэча ініцыятараў кампаніі „Аўтавакзал па-беларуску” з кіраўніцтвам аўтавакзала і прадстаўнікамі “Брэстаблаўтатрансу”, на якой стала вядома, што ўнутранае і знешняя афармленне новага аўтавакзала будзе прадстаўлена на беларускай мове з дубляваннем на ангельскую.

Ініцыятыву “Аўтавакзал па-беларуску” рэалізавала Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч” у межах кампаніі “Наша мова”. Подпісы збіраліся і анлайн праз сайт petitions.by (https://petitions.by/petitions/2262), і ўжывую ў Дзень роднай мовы 21 лютага.