Аўтобус Вільня-Менск перакуліўся пад Астраўцом



10 лютага каля 0.15 на 19-м кіламетры аўтадарогі Гоза – Астравец – Ашмяны ў кювеце апынуўся пасажырскі аўтобус, які рухаўся па маршруце Вільня – Менск, паведамляе ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтобус маркі „Неаплан” у нейкі момант выехаў на паласу сустрэчнага руху, далей на абочыну, у выніку чаго апынуўся ў кювеце. Ужо на мінімальнай хуткасці аўтобус лёг на левы бок.

Участак дарогі, дзе адбылася аварыя, прамы з добрай бачнасцю, праезная частка без якой-небудзь наледзі або снегу.

Акрамя кіроўцы ў аўтобусе было 37 пасажыраў. Пасля ДТЗ неадкладна прыбылі на месца супрацоўнікі міліцыі аказвалі ім пасільную дапамогу. Для цэнтралізаванага дастаўлення пацярпелых ва ўстанову аховы здароўя і назад супрацоўнікамі АУС арганізавана прыбыццё аўтобуса мясцовага аўтапарка. 17 пасажырам, якія атрымалі раненні і парэзы, аказана неабходная медыцынская дапамога ў Астравецкай ЦРБ. Ніхто з пасажыраў не шпіталізаваны.

За з’езд з дарогі кіроўца аўтобуса 1987 года нараджэння прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

zviazda.by