Аўтобус з беларускімі турыстамі трапіў у аварыю пад Псковам



Аўтобус з беларускімі грамадзянамі трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне ў Пскоўскай вобласці Расеі, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу УУС Пскоўскай вобласці.

У аварыі, што здарылася раніцай 23 сакавіка на 222-м км федэральнай трасы Санкт-Пецярбург — Невель, пацярпелі 18 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей.

Згодна са звесткамі паліцыі, кіроўца „ВАЗа-2107” выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтобусам Mercedes, які ехаў з Менска ў Санкт-Пецярбург. Пасля сутыкнення аўтобус перакуліўся на бок. У ім знаходзіліся 50 чалавек, з іх 11 — дзеці. „Цяжкі стан у чацвярых, аказваем дапамогу, дыягназы не ставяцца за пяць хвілін. З тых, хто паступілі, — двое жыхароў Пскоўскай вобласці, астатнія беларусы”, — паведаміў ТАСС галоўны ўрач пскоўскай абласной бальніцы Анатоль Волкаў.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

„Паводле наяўнай інфармацыі, загінулых у ДТЗ у Пскоўскай вобласці з турыстычным аўтобусам з Беларусі няма. Пацярпелыя дастаўлены ў лячэбныя ўстановы. Дыпмісія працягвае сачыць за сітуацыяй”, — паведамляецца ў твітэр-акаўнце пасольства Беларусі ў Расеі.

БелаПАН

Фота: ДТП и ЧП | Санкт-Петербург / Катя Рыжкевич