Авакаў: Адкрытасць у справе забойства Шарамета перашкаджае следству
Паліцыя звярнулася ў суд з патрабаваннем закрыць інфармацыю аб судовых рашэннях у рамках расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета ў сувязі з неабходнасцю праводзіць следчыя дзеянні. Пра гэта на брыфінгу кіраўніцтва праваахоўных органаў заявіў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Сяргей Князеў.
„Следчая група па расследаванні забойства Шарамета адпрацоўвае шэраг версій, і без рашэнняў судоў нам немагчыма адпрацоўваць следчыя дзеянні. Улічваючы, што дадзенае правапарушэнне мае вялікую грамадскую нагрузку, мы звярнуліся ў суд аб закрыцці інфармацыі ў адкрытым рэестры. Суд пагадзіўся, і мы працуем далей” , – сказаў Князеў.
Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў дадаў, што „следства не можа праходзіць пад відэакамерамі і пад пастаянным назіраннем свабодных фрылансераў-журналістаў”. „Следства – працэс, які мае на ўвазе некаторую закрытасць для забеспячэння выніку і эфектыўнасці”, – заявіў міністр.
Адказваючы на пытанне, чаму праваахоўнікі не закрылі інфармацыю па справе аб забойстве Шарамета раней, Авакаў сказаў: „Давайце, калі вы будзеце працаваць следчым, то вы будзеце фармуляваць, як рабіць адпаведныя крокі. Таму што так следства палічыла” .
Нацыянальная паліцыя Украіны прыняла меры бяспекі і засакрэціла ўсе рашэнні судоў па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета з 24 ліпеня 2017 года.
У верасні маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Украіне выказвала занепакоенасць адсутнасцю прагрэсу ў расследаванні забойства Шарамета.
„Занепакоенасць выклікае паслабленне абароны свабоды выказвання думкі ў СМІ. Прайшло больш за год пасля забойства журналіста Паўла Шарамета, але прагрэсу ў расследаванні абставінаў яго смерці няма”, – заявіла кіраўнік місіі ва Украіне Фіёна Фрэйзер.
У жніўні прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выступіў за прыцягненне замежных спецыялістаў у склад следчай групы, якая расследуе забойства. 20 ліпеня 2017 года спікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка заявіў, што ў справе аб забойстве журналіста дагэтуль няма падазраваных.
Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку выбуху машыны, якая належала сузаснавальніцы „Украінскай праўды” і яго грамадзянскай жонцы Алёне Прытуле.
Следства разглядае пяць версій матываў забойства: прафесійная дзейнасць, забойства па памылцы (замест Прытулы), крытычныя публікацыі ў выданні „Украінская праўда” і выступы на „Радыё Весці”, дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне, а таксама канфлікты, якія тычацца асабістага жыцця Шарамета.
У чэрвені 2017 года старшыня парламенцкага камітэта па пытаннях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вікторыя Сюмар паведамляла, што ў рамках дасудовага расследавання ў справе Шарамета дапыталі больш за 3000 чалавек, у тым ліку і відавочцаў выбуху, а таксама канфіскавалі відэазапісы з камер назірання.