Аварыю трубаправода ў Жлобіне ўдалося ліквідаваць
Аварыя трубаправода ў Жлобіне пакінула раніцай без цяпла 2 школы, 8 садкоў і 86 дамоў.
19 студзеня ў 4:00 жлобінскія ратавальнікі атрымалі паведамленне аб прарыве трубаправода цэнтральнага ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў мікрараёне №1. Работы па ліквідацыі праблемы пачаліся неадкладна і трывалі некалькі гадзін.
Сайт жыллёвага прадпрыемства “Уником” паведаміў, што цеплазабеспячэнне ў Жлобіне цалкам аднавілася.
Бацькі ў Менску скардзіліся ў панядзелак на холад у школах. Пасля некалькіх урокаў дзецям нарэшце дазволілі надзець курткі і сядзець на занятках у вопратцы, расказала парталу rebenok.by мама адной з вучаніц менскай сярэдняй школы № 84. Журналістам у школе пацвердзілі, што ў некалькіх класах сапраўды было вельмі холадна, хоць у цэлым, па іх словах, з ацяпленнем у школе ўсё нармальна.
З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў 11-й гімназіі Менска, а таксама ў школах Новалукомля і Смалявічаў. З Оршы ў рэдакцыю партала прыйшло фота тэрмометра, які вісіць у спартыўнай зале. Ён паказвае 9 градусаў цяпла. Пры гэтым, згодна з санітарнымі патрабаваннямі, тэмпература ў класах павінна быць 18-20℃, а ў спартзалах — 15-18℃.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by