Бабруйчаніна судзяць за датычнасць да смерці ад наркотыкаў
Завершана расследаванне справы 49-гадовага жыхара Бабруйска, які абвінавачваецца ў незаконным абароце наркатычных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чатырох чалавек.
У ліпені 2015 года на прыпынку грамадскага транспарту ў Глуску былі знойдзеныя мёртвымі два жыхары Салігорска, якія памерлі ад перадазіроўкі метадону. Па падазрэнні ў збыце ім наркотыкаў быў затрыманы бабруйчанін, раней судзімы за аналагічныя злачынствы.
„Падчас расследавання крымінальнай справы следствам устаноўленыя ўсе абставіны злачынства, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Абвінавачваны з карыслівых меркаванняў, заведама разумеючы, што спажыванне метадону (як раздзельна, так і ў спалучэнні з дымедролам) небяспечнае для жыцця і здароўя чалавека і легкадумна мяркуючы, што арганізмы спажыўцоў вытрымаюць яго ўздзеянне, ажыццяўляў збыт гэтага „наркакактэйля”.
Следчым таксама ўдалося ўстанавіць дачыненне абвінавачванага да збыту метадону яшчэ двум жыхарам Салігорска, целы якіх былі знойдзеныя ў чэрвені мінулага года ў пад’ездзе аднаго з дамоў райцэнтра.
Дзеянні бабруйчаніна кваліфікаваныя як незаконны абарот наркатычных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чатырох чалавек у выніку спажывання імі наркатычнага сродку, г.зн. злачынства, прадугледжанае ч. 5 арт. 328 КК, адзначыла Салянюк. Крымінальная справа перадаецца пракурору для накіравання ў суд.
Абвінавачваны знаходзіцца пад вартай. На яго маёмасць накладзены арышт больш чым на 54 млн. рублёў.