Бабруйская журналістка пакарана штрафам за супрацу з замежным СМІ



32 базавыя велічыні альбо 4 800 000 беларускіх рублёў – такім штрафам суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска пакараў журналістку Марыну Малчанаву за журналісцкую дзейнасць на карысць замежнага СМІ. Яе абвінавацілі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ ч.2). А фактычна – у тым, што на сайце тэлекампаніі «Белсат» з’явіўся тэкставы матэрыял за яе подпісам.

У адміністрацыйнай справе Марыны Малчанавай, з якой яна азнаёмілася, знаходзілася «падказка» для суддзі – справа журналіста, тэлевядучага тэлеканала «Белсат» Алеся Залеўскага, якога ў траўні таксама аштрафавалі на 30 базавых велічыняў. Пра гэта ў праекце «Месца для прэсы» рассказала Марына Малчанава:

– Я не ведаю, як яны трапілі ў матэрыялы маёй справы, але мяркую таму, што тое самае абвінавачванне: арт. 22.9 КаАП РБ ч.2 – за супрацу з тэлеканалам БЕЛСАТ. Я знайшла гэтыя копіі, калі знаёмілася з матэрыяламі справы. Яны не былі падшытыя да матэрыялаў, а проста ўкладзеныя туды з паметкай “перадаць суддзі”. Нават імя суддзі і прзвішча было ўказана.

У сувязі з гэтым журналістка накіравала заяву ў Мінюст і цяпер чакае адтуль рэакцыі. Пра гэта ж яна напіша ў вышэйшыя інстанцыі, калі будзе аспрэчваць рашэнне суддзі Наталлі Чарапухі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com