Бабруйскую актывістку трымалі ў міліцыі 8 гадзін



Затрыманую 12 сакавіка за гадзіну да пачатку бабруйскага мітынгу Галіну Смірнову выпусцілі ўвечары, выдаўшы позву на 15-га.

Кіраўніцу суполкі прафсаюзу РЭП затрымалі ўчора на выхадзе з дому а 11-й гадзіне, забралі тэлефон, які потым вярнулі пашкоджаным, і завезлі ў пастарунак на ўскрайку гораду. Допыт пачалі толькі каля 13-й гадзіны, вёў яго падпалкоўнік Сяргей Рудзько, які асабіста займаецца актывістамі дэмакратычных сілаў. У якасці абаронцы інтарэсаў Галіны выступаў яе муж.

На ўсе пытанні, апроч свайго імя, Галіна Смірнова адказваць адмовілася, заяўляла пра сваё незаконнае ўтрыманне:

Пыталі, ці падавала я заяўку на мерапрыемства, хоць гэты факт даўно і афіцыйна ўсім вядомы. Ці ведала, што плошча Перамогі не вызначаная месцам для падобных сходаў. Ды няўцямнае «Навошта вы прымушалі моладзь?»

І так трымалі без ежы і вады да 19 гадзін, калі выпусцілі без абвінавачванняў ды выпісалі позву з’явіцца для працягу апытання 15 сакавіка а 17-й.

— Мне казалі многія, што дзеля бяспекі лепш схавацца, пайсці з горада, — кажа спадарыня Галіна. — Ну не змагла я сысці, брыдка мне. Чаму мы мусім кудысьці сыходзіць ці наогул з’язджаць са сваёй краіны?

А раніцай 13 сакавіка на шляху на працу затрымалі ўдзельніка ўчорашняга мітынгу Юрася Грынявецкага. Сёння ж чакаюцца суды над затрыманымі ў ноч на 11 сакавіка Максімам Буйніцкім, Аляксеем Раманавым, Вольгай Аўдзейчык ды Максімам Лубінскім.

 Наша Ніва