Багдан Дэмків: Ва Украіне абсалютна няма даверу да ўлады



39 кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, барацьба рэйтынгаў і бясконцыя абнародаванні кампраматаў — выбарчая гонка ва Украіне падыходзіць да свайго фіналу. 31 сакавіка ўкраінцы прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць галасы за сваіх кандыдатаў. Як ставяцца да прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне прадстаўнікі ўкраінскай грамады ў Гомелі. Пра перадвыбарчыя жарсці запытаўся ў госця Рацыі Багдана Дэмківа журналіст Мікола Бянько.

Багдан Дэмків: Выбары на носе і сітуацыя такая, што выбар ёсць, усё ж 39 кандыдатаў, але выбар складаны. Кашмарна, колькі бруду ліюць кандыдаты і іх групы падтрымкі на сваіх канкурэнтаў. Вынікі выбараў да сёння невядомыя. Галоўнае, што ёсць інтрыга.

– Папярэднія выбары праходзілі на фоне вельмі драматычных абставінаў, фактычна адбылася анексія Крыма, дагэтуль мае месца вайсковая агрэсія. На гэтым фоне быў абраны прэзідэнтам Пятро Парашэнка, які сярод розных праграмных пунктаў акцэнтаваў увагу на войску, на нацыянальнай ідэнтычнасці, на еўрапейскай інтэграцыі. Як вы думаеце, ці ўдалося яму выканаць гэтыя праграмныя пункты?

– Шмат ён абяцаў таго, што не мог зрабіць і зразумела было, што не зробіць. Калі ідзе такая гібрыдная вайна, калі інфармацыйная вайна на піку, не трэба было абяцаць такога, трэба было казаць, што, калі Расея пачынае вайну, яна проста так з яе не выходзіць. Карупцыя не пераможана. Шмат чаго зроблена ў плюс, але шмат чаго і дрэннага. Эканамічны стан Украіны зараз вельмі дрэнны, насельніцтва ў сваёй бальшыні збяднела, грыўня за гэты час упала больш чым у тры разы. Гэтыя з’явы не будуць граць на карысць Парашэнкі.

 – Перад тым як пачалася выбарчая кампанія, Парашэнка меў вялізны антырэйтынг, да яго маюць вялікія прэтэнзіі жыхары розных рэгіёнаў, але можа штосці нешта атрымалася і станоўчае ў яго, якія бачыце плюсы?

 – Тое, што армія ўсё ж з’явілася, што не на добраахвотніках яна трымаецца на ўсходзе Украіны, шмат сілаў прыклаў Парашэнка і да таго, каб праваслаўныя аб’ядналіся, шмат чаго станоўчага зроблена і за межамі дзяржавы – падтрымка Еўразвязам рэформаў, падтрымка ЗША.

– Чым можна патлумачыць феномен Зяленскага?

– Усе старыя палітыкі ўжо надаелі і ўсе ўжо ў брудзе. Зяленскі быццам бы „свежы”, малады, актыўны, на экране свеціцца, здымае фільмы, сам грае. Тое, што Зяленскі першы ў рэйтынгах – гэта найперш фактар падтрымкі моладдзю.

– Расейская прапаганда вяшчае, што сярод прэтэндэнтаў у прэзідэнты нямала людзей з неанацысцкімі поглядамі. Як вы бачыце – ці ёсць такія ўльтранацыяналісты і ці ёсць у іх шанцы перамагчы?

– Тое што вешаюць такія ярлыкі бандэраўцаў – гэта не дзіва. З усяго спіску хіба Руслан Кашулінскі – сапраўдны нацыяналіст, ён прадстаўляе партыю Свабода, яго падтрымліваюць ультраправыя сілы, але гэта збольшага маргіналы. А вось сярод тых, хто можа перамагчы, няма ніякіх нацыяналістаў, тым больш нацыстаў. 

–  У чым адметнасць гэтых выбараў і драматызм цяперашняй сітуацыі?

Тое, што народ збяднеў, грае сваю важную ролю. Да ўсяго вайна не скончылася, штодзень ёсць параненыя, ёсць і новыя забітыя. Сітуацыя працягваецца падобна той, што была і ў 2014 годзе. Але зараз абсалютна няма даверу да ўлады. І гэта найгоршае, бо радыкалы маюць не толькі волю да нейкіх выступаў, але і маюць зброю. Зброі зараз ва Украіне гуляе вельмі багата. І найстрашнейшае, што магчымыя збройныя канфлікты. Яны могуць быць справакаваны знешнімі сіламі. Таму адзін з кандыдатаў, былы амбасадар у Беларусі, Раман Бяссмертны і заклікаў іншых кандыдатаў не выводзіць людзей на вуліцы. Бо ёсць такія, якія заяўляюць, што будзем выходзіць на вуліцы і дамагацца перамогі нашага кандыдата.

– Ці ёсць пагроза трэцяга Майдану?

– Калі такое здарыцца, то гэта будзе не Майдан, а хутчэй грамадзянская вайна. Але ўсе нармальныя людзі спадзяюцца, што такога не адбудзецца. Што маргіналы так і застануцца маргіналамі і не змогуць гуляць правакацыйную ролю.

– Сімпатыі беларускіх украінцаў на чыім баку?

– Сярод маіх знаёмых ідуць такія размовы, што хай бы ўжо Парашэнка застаўся яшчэ на адзін тэрмін. А потым ёсць такая статыстыка, што першым прэзідэнтам быў Леанід – Леанід Краўчук. Другім Леанід Кучма – зноў Леанід. Далей адбыўся Майдан – прыйшоў да ўлады Віктар Юшчанка. Адбыліся наступныя выбары – прыйшоў да ўлады Віктар, праўда Фёдаравіч, Януковіч. Адбыўся яшчэ адзін Майдан – прыйшоў да ўлады Пятро Парашэнка. Сярод цяперашніх кандыдытаў Пятра нібыта няма, акрамя… Парашэнкі. Але ва ўкраінцаў ёсць такі код выжывання, які некалі агучыў вядомы ўкраінскі гумарыст Астап Вышні: „Як яно не будзе, але не можа быць так, каб неяк не было”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель