Балашоў: Кейс па кожным беларусе вырашаем персанальна
У грузінскім Батумі штотыдзень у прасторы «аКсяродак» адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі».

Кіраўнік арганізацыі Аляксей Балашоў распавядае з якімі пытаннямі на сустрэчу прыходзяць беларусы, што жывуць у гэтым рэгіёне Грузіі.
– Прыйшла да галавы такая ідэя: разам з Аксанай з нашага «аКсяродка», беларускага культурнага цэнтру, наладзіць такія дні, каб штотыдзень прадстаўнікі дыяспары, у асноўным старшыня, можа намеснік, у адзін і той самы дзень тыдня сустракаўся з людзьмі, якія можа маюць ідэі, прапановы, праблемы, з любымі пытаннямі, проста пазнаёміцца зайсці.
Па словах Аляксея Балашова асноўная праблема – гэта праблема з пашпартамі і візамі:
– На сённяшні дзень найбольш масавая праблема – як беларусам вырашаць сваю пашпартную праблему. Багата ў каго пашпарт заканчваецца, трэба вырашаць праблему легалізацыі. На жаль, зараз сітуацыя няпростая, бо адназначных шляхоў няма, у індывідуальным парадку трэба неяк вырашаць. Інфармацыю мы збіраем і можам камусьці нешта парадзіць, але ў любым разе кожнае пытанне будзе вырашацца індывідуальна.

Наступная сустрэча ў прасторы «аКсяродак» адбудзецца ўвечары 28 лістапада 2023 году і на сустрэчы будзе прысутнічаць намеснік старшыні арганізацыі «Беларуская дыяспара ў Аджарыі» Раман Кісляк, які распавядзе пра свой удзел у Каардынацыйнай Радзе.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
