Балгарскія дэпутаты пералічаць свае заробкі на змаганне з каронавірусам



Дык ці ратуюць маскі ад каранавірусу? Дык ці праўда, што ў Паўночнай Карэі дагэтуль няма ніводнага выпадку захворвання? З аглядам сусветнай прэсы, якая працягвае пісаць пра каронавірус — Кастусь Багушэвіч.

Навукоўцы з Універсітэта Ганконга вывучылі, як доўга каронавірус застаецца на розных паверхнях пры пакаёвай тэмпературы. Па іх дадзеных, на знешняй паверхні хірургічнай маскі каронавірус захоўваецца да сямі дзён. Адпаведнае даследаванне было апублікавана ў навуковым часопісе Lancet. Адзначаецца, што на паперы для друкаркі вірус захоўваўся менш за тры гадзіны, на апрацаваным дрэве і вопратцы ён знікае на другі дзень. На шкле і банкнотах вірус трымаўся да чатырох дзён, а на нержавеючым метале і пластмасе да тыдня. Навукоўцаў здзівіла, што вельмі малая, але дастатковая для заражэння колькасць бактэрый каранавіруса, захоўвалася на паверхні хірургічнай маскі нават сёмы дзень. Спецыялісты кажуць, што важна не чапаць яе знешнюю паверхню рукамі.

Харвацкі партал “Весті” піша пра самую таямнічую краіну свету — Паўночную Карэю. Краіна пад моцнай дыктатурай — адна з нешматлікіх у свеце, дзе яшчэ не зарэгістравана выпадкаў заражэння. Эксперты ў гэта не вераць. Напярэдадні афіцыйны Пхеньян заявіў, што за першы тыдзень красавіка правёў ужо 709 тэстаў на каронавірус, у тым ліку для 11 замежнікаў, і ўсе вынікі былі адмоўныя. На карантыне, па словах прадстаўніка Сусветнай арганізацыі здароўя ў Паўночнай Карэі Эдвіна Сальвадора, знаходзяцца 509 чалавек. А ўсяго на карантыне за ўвесь час пабывалі больш за 24 тысячы, у тым ліку 380 замежных грамадзян. Некаторыя замежныя эксперты падазраюць, што Паўночная Карэя, якая мяжуе з Кітаем і Паўднёвай Карэяй, з краінамі, якія моцна пацярпелі ад эпідэміі, проста хавае выпадкі заражэння, карыстаючыся закрытасцю мясцовага рэжыма. Так ці іначай, харвацкія «Весті» пішуць, што Паўночная Карэя разам з Туркменістанам, Таджыкістанам, Еменам і Лесота застаецца апошняй дзяржавай, дзе ніхто не хварэе на каронавірус. Але ўлады ў гэтых краінах нельга назваць дэмакратычнымі, а таму і да іх заяваў ёсць недавер.

Балгарскія дэпутаты вырашылі цалкам адмовіцца ад зарплаты да таго часу, пакуль у краіне не будзе зняты рэжым надзвычайнага становішча, усталяваны ў кантэксце пандэміі каронавірусу. Такая прапанова была вынесена на абмеркаванне ў балгарскім парламенце кіруючай партыяй ГЕРБ пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Бойка Барысава. Прапанова была аднагалосна падтрымана 170 галасамі «за», піша балгарскае выданне Sega. Грошы будуць пералічаныя на рахунак Міністэрства аховы здароўя, які будзе выкарыстоўвацца ў барацьбе з каронавірусам, заявілі чыноўнікі. Захады дзейнічаюць для парламентароў, міністраў і членаў іх кабінетаў, а таксама для кіраўнікоў урадавых ведамстваў.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Балгарыі пацверджаны 581 выпадак каронавірусу і зафіксаваныя 23 смерці ад гэтай хваробы, піша Sega.

Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч.