Балота Сэрвач пад пагрозай зарастання
Пад пагрозай зарастання знаходзіцца балота Сэрвач, якое месціцца ў Глыбоцкім і Докшыцкім раёнах. Яно ўваходзіць у Рамсарскую водна-балотную сістэму і мае статус гідралагічнага заказніка плошчай больш за 9000 гектараў. Навукоўцы з Навукова практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах плануюць працы па выратаванні балота.
Найперш, паводле навуковага каардынатара праекта LIFE і кандыдата біялагічных навук Аляксандра Казуліна, на плошчы 600 гектараў трэба выдаліць хмызняк і трыснёг і аптымізаваць узровень вады ў балоце. А таксама зрабіць там і прыродную сцежку, каб людзі знаёміліся з жывёльным і раслінным светам гэтай тэрыторыі.
– Гэта балота ўнікальнае, яго трэба берагчы, трэба касіць яго. Мы будзем касіць напрацягу 3-4 гадоў, мы навядзем тут парадак. Як падтрымліваць, хто яго будзе падтрымліваць, цяпер думаем над гэтым. Гэта тэрыторыя, якая павінна ахоўвацца, трэба ствараць групу кіравання абавязкова. Калі будзе група кіравання, то мы можам ёй даваць ужо нейкія фінансы на кіраванне, бо так незразумела каму даваць.
У межах праекта LIFE плануюць аднавіць адкрытае асаковае балота Сэрвач і патэнцыйную экалагічную прадуктыўнасць балотнай экасістэмы шляхам выдалення хмызнякоў (бярозы і вярбы) і кіраванага выпальвання на ўсёй праектнай тэрыторыі.
Акрамя таго ў гідралагічным заказніку плануюць развіваць экалагічны турызм і пашыраць дасведчанасць мясцовых жыхароў і гасцей Глыбоцкага і Докшыцкага краю аб унікальных прыродных тэрыторыях і аб’ектах гэтага рэгіёну.
Тэрыторыя заказніка ўключае возера Сэрвач і частку поймы ракі Сэрвач. Плошча возера – 450 гектараў, сярэдняя глыбіня каля трох метраў. Возера таксама, як і балота, моцна зарасло, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці вар’іруе ад 15 да 120 метраў. Берагі на захадзе і поўначы пераходзяць у нізінныя балоты.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя