Бальшавіцкі Хэлаўін
Акупаваная лукашыстамі Рэспубліка Беларусь засталася адзінай краінай, дзе афіцыйна адзначаецца Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нават у былых савецкіх калоніях шмат дзе 7 лістапада пакінулі выходны, але перайменавалі ад граху падалей. Напрыклад, у Кыргызстане зрабілі «Дзень інфармацыі і друку», а ў Арменіі 7 лістапада – Дзень віна.
«Хэлаўін курыльшчыка» жартам назваў мой прыяцель сцэнку дзе пад помнікам Леніну сабраліся з савецкай сімволікай старэйшага веку людзі. Жарты жартамі, але блізкасць датаў Хэлаўіна і Кастрычніцкага перавароту вельмі сімвалічнае супадзенне.
А можа і не супадзенне, бо канец кастрычніка і пачатак лістападу ў старадаўніх культурах лічыўся часам, калі злыя сілы набывалі большую сілу, чым людзі.
Калі хто не ведае, Хэлаўін – гэта блізка не свята, і нічога святога ў ім быць не можа. Гэта дзень выхаду дэманаў з-пад зямлі на паверхню. Прынамсі, так лічылі кельты, старажытны еўрапейскі народ.
І ўсе гэтыя жахлівыя маскі рознага кшталту чартоў, якія цяпер так любяць дзеці і падлеткі, калісьці мелі вялікае практычнае з гледзішча старадаўняга чалавека значэнне. Людзі прыкідаліся «сваімі» для злых духаў, у якіх шчыра верылі.
Так яно спрацавала і з бальшавікамі. Ідэйных фанатыкаў было мала. Астатнія прыкідаліся такімі самымі чартамі, каб выглядаць сваімі. Пакаленне за пакаленнем, і мы зноў бачыць спробу адрадзіць спосаб кіравання грамадствам праз татальны тэрор.
Колькі з тых «ябацек» шчыра адданыя свайму правадыру Лукашэнку? Гісторыя пакажа. Пакуль жа я сам быў сведкам, а таксама чытаю і слухаю сведчанні іншых, хто пабываў у руках губазікаў.
Карнікаў Лукашэнкі можна назваць тымі самымі злымі духамі, якім на нейкі час дазволілі рабіць злачынствы, надаўшы пачуццё беспакаранасці. Дакладней, гэта людзі, якім адкрылі шлях, каб пазбавіцца свайго чалавечага.
Гэта ў асноўным персанажы, якія гадаваліся пры Лукашэнку. Яны не ідэйныя, яны цынічныя. Ім па кайфу паляваць на безабаронную здабычу. Ім падаецца, што яны ваўкі, а вакол зайцы ці лані.
Маскіруючыся пад сваіх для дэманаў, людзі з часам губляюць уласнае чалавечае. «Я ж не шмат асудзіла не справядліва», – думае суддзя – маці траіх дзяцей. – «Мне жыць неяк трэба».
З яе ніхто не высмоктвае душу. Яна сама з сябе выкідае ўсё чалавечае, што ёсць. Крока за крокам у геаметрычнай прагрэсіі.
Падобныя гуманітарныя катастрофы адбываюцца кожнае стагоддзе, калі людзі масава пераводзяць сябе ў стан таго, кельцкага, сапраўднага, не дзіцячага Хэлаўіна.
Людзі масава далучаюцца да працэсаў знішчэння ўсяго жывога.
Так што 7-га лістапада ў акупаванай дэманамі Беларусі адзначаецца іх – дэманаў – дзень выхаду на беларускую зямлю. Вельмі працяглага карнавалу цемры.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя