Бандажэўскі: Насельніцтва пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнаў будзе выміраць
Карэннае насельніцтва раёнаў, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, будзе выміраць. Такі прагноз былога рэктара Гомельскага дзяржаўнага медінстытута, доктара медыцынскіх навук, прафесара Юрыя Бандажэўскага, які сёння ўзначальвае каардынацыйны аналітычны цэнтр „Экалогія і здароўе” (Кіеў, Украіна).
Юрый Бандажэўскі (Фота wikimedia.org)
Свой пункт погляду вучоны аргументуе тым, што на працягу многіх гадоў, уключаючы савецкі перыяд, Беларусь фактычна была ахвярай радыеактыўнага заражэння. „Па цэлым шэрагу раёнаў Беларусі можна канстатаваць гібель карэннага насельніцтва, — заявіў Бандажэўскі ў інтэрв’ю БелаПАН. — Улады актыўна падтрымліваюць міграцыю насельніцтва ў пацярпелыя раёны Беларусі, каб яны не рабіліся пусткамі. Такім чынам фармальна дэмаграфічная сітуацыя паляпшаецца, а ўплыў радыеактыўнага выпраменьвання на здароўе размываецца. Пры гэтым інфармацыя пра стан здароўя карэннага насельніцтва пацярпелых рэгіёнаў у Беларусі для даследчыкаў недаступная”.
„Ясна, што папуляцыя карэнных жыхароў будзе выміраць. Тыя групы насельніцтва, якія атрымалі менш радыяцыі, будуць выміраць павольней, а якія зазналі больш агрэсіўнае заражэнне або працяглае ўздзеянне малымі дозамі, — хутчэй”, — лічыць Бандажэўскі.
Паводле яго слоў, ключавая праблема ў тым, што многія людзі і ў Беларусі, і ва Украіне перыядычна ўжываюць прадукты з вельмі высокім узроўнем забруджвання. Гэта грыбы, ягады і сельгаспрадукцыя, вырашчаная на забруджаных тэрыторыях.
Паводле даследавання, якое праводзілася ў 2014—2015 гадах у Іванкаўскім і Палескім раёнах Украіны, у дзяцей ёсць схільнасць да парушэння жыццёва важных цыклаў, звязаных, у прыватнасці, з удзелам фоліевай кіслаты. А ад гэтага цыклу залежаць шматлікія працэсы — у сферы рэпрадукцыйнага здароўя, сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалагічных захворванняў.
Так, многія дзеці маюць павышаны ўзровень амінакіслаты гомацыстэіну, а значыць, у іх вялікая рызыка ўзнікнення сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету, хранічнай невыношвальнасці цяжарнасці, прыроджанай паталогіі.
Тэндэнцыі ва Украіне і Беларусі ў частцы ўплыву ўздзеяння радыяцыі на здароўе людзей падобныя, але ў Беларусі гэтая праблема не вывучаецца, даследаванні не праводзяцца, падкрэсліў прафесар Бандажэўскі. „А яны патрэбныя, бо існуюць сітуацыі, калі неабходна рабіць дадатковыя захады для стварэння спрыяльных умоў жыцця людзей. У адваротным выпадку яны гінуць. У Беларусі негатыўны ўплыў на здароўе насельніцтва аварыі на Чарнобыльскай АЭС не абмяркоўваецца. Ва Украіне ўлады, хай і не дапамагаюць, але не перашкаджаюць праводзіць такія даследаванні, і праблема не замоўчваецца”, — зазначыў Юрый Бандажэўскі.
Юрый Бандажэўскі — беларускі вучоны, буйны спецыяліст у галіне радыяцыйнай медыцыны, доктар медыцынскіх навук, прафесар, правадзейны член Нью-Ёркскай акадэміі навук. Вывучаў негатыўнае ўздзеянне малых доз радыяцыі на жывы арганізм. У 1999 годзе быў зняты з пасады рэктара Гомельскага дзяржаўнага медінстытута і арыштаваны па падазрэнні ў атрыманні хабару. Вучоны правёў за кратамі шэсць гадоў. Праваабаронцы абвясцілі Бандажэўскага палітвязнем, заяўляючы, што сапраўднай прычынай арышту вучонага стала яго нязгода з палітыкай уладаў па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС.