Баракі на Грушаўцы – пад носам у Лукашэнкі ды Дома ўрада
У цэнтры Менска (некалькі соцень метраў хады ад станцыі метро “Грушаўка”) стаяць восем двухпавярховых драўляных жылых дамоў. З бліжэйшага хмарачоса (за кіламетр з гакам) на розныя бакі бачныя Дом урада ды рэзідэнцыя Лукашэнкі. Баракі, як іх, паводле ўмоў пражывання, называюць да паўтысячы жыхароў, пабудаваныя адныя аж у 1936 годзе, іншыя – пасля Другой сусветнай. Людзі дзесяцігоддзі чакаюць зносу і атрымання ўпарадкаваных кватэр наўзамен. Дарэчы, паводле апошняга рашэння Маскоўскага райвыканкама, яны мусілі быць знесеныя яшчэ ў канцы мінулага года. Цяпер, узімку, для змучаных бытавымі нястачамі жыхароў самы пакутлівы час.
Вандраванне па бараках пачалося з сустрэчы з былым афганцам, 50-гадовым Уладзімірам, што корпаўся ля ўласнага аўто.
Уладзімір: Самі бачыце, якая сітуацыя: побач будоўля 35-павярховага гмаха ў 3 змены. Ноччу таксама ўсё трасецца, кран “бамбіць” – не заснуць! Фірмачы вывесілі ў адкрытую рэкламныя абвесткі пра продаж кватэр і офісаў у іх. А нас гоняць на ўскраіну ў кватэры тыпа б/у (быўшыя ва ўжытку – В.С. ), аж за Каменную Горку і Малінаўку, увогулле, за Менск. Хоць наша Грушаўка ў самым цэнтры! І днём “нармалёва” – вада працякае, столі валяцца, усё рыпіць, мышы скрабуцца…
Афганец Уладзімір
Падыходзіць Таццяна Іосіфаўна Урбановіч, што ў бараку ў двух маленькіх пакойчыках з 1976-га. Сама прапануе прайсці па сумётах ззаду, дзе відавочныя трэшчыны ды дырышчы з байцоўскі кулак у фундаменце.
Урбановіч (усклікае): Вы здымайце-здымайце, як дзьме з усіх бакоў! Мы даўно нікога і нічога не баімся! З нашых “зямлянак” высяляць ужо няма куды. Тут жыуць звычайныя рабацягі. Таму не можам 3 гады зрабіць капітальны рамонт, калі з выканкама прыйшло першае паведамленне пра знос. Тым не менш, плацім шалёныя грошы за газ і камуналку. Дайце веры – паставіць лічыльнікі за 3-5 млн і раптам з’ехаць не можам. Дарэчы, паводле іх, за той жа газ выходзіла б 50-60 тысяч, а так – усе 400! Плюс святло, тэлефон – і без лічыльнікаў выходзіць за камуналку аж 1 млн 200 тысяч! У мяне сябры з Серабранкі, дзе ёсць і прыбіральня, і ванна з гарачай вадой, за трохпакаёўку за ўсё выходзіць тыя ж 400 тысяч. А за нашу ламаччыну – аплата, як на маскоўскай Рублёўцы! Але ж без таго ж газу мы б не выжылі – на ім у кожнага калонка, пліта і ацяпляльны кацёл. Абуральна тое, што праходзячыя побач людзі, гледзячы вонкава на наша жытло, спрэс прымаюць нас за “бамжоў”! Света, дапамагай!
Падыходзіць спадарыня Турава, у якой трое дарослых дзяцей і чацвёра ўнукаў. 25 год стаіць у чарзе ў выканкаме на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Турава: Прэтэнзіі велічэзныя! Смецце, за вынас якога плацім, не ўбіраецца датуль, што часам не выйсці з кватэры. З дзецьмі на двары не пагуляць. Падлогі гнілыя настолькі, што працуючая пральная машына, калі яе не трымаць, можа да сцяны дакаціцца. Хтосьці з тазаў на ўнітазе мыецца, нехта “скараціў” для гэтага калідорчык. Дзіця трохмесячнае на руках сын трымаў, а маці мыла. А Лукашэнка кажа – нараджайце больш дзяцей, дапаможам. Ціхі жах! Апошнім часам з’явіліся пацукі. А тараканы! У нашых дзетак амаль ва ўсіх алергія ад хімічных патраваў! А во зойдзем да суседзяў – у іх на кухні цячэ непрыхаваная каналізацыя!
У гэтай кватэры жывуць маці, два брата, дзве сястры і 27-гадовы Зміцер. Усе жывуць і нарадзіліся ў бараках.
Зміцер: Пад намі санвузел, несупынна цячэ вада. Спрабаваў пяском засыпаць, металічны 7-мм ліст падклаў, дык праз год і ён прагніў. Трубы цякуць адусюль.
РР: А вы не задавалі пытанне прадстаўнікам уладаў, чаму вас не засяляюць у хмарачосы, што будуюцца побач?
Зміцер: Задавалі, але ўцямнага адказу не было…
Я патэлефанаваў у “СтройСМманаліт”, чые запрашальныя плакаты на набыццё офісаў і кватэр навідавоку. Здаецца, стала ясна, чаму пабудаваныя жылплошчы ў гмахах не аддаюць тутэйшым. Жаночы голас у адказ на мой запыт, як набыць у іх двухпакаёўку, з напорам тут жа “выдаў”: “Самы маленькі памер у нас – 65,5 квадратных метраў, самы вялікі – 72. Мінімум 30% ад агульнага кошту мусіце ўнесці адразу. Кошт квадратнага метра – 1550 даляраў! Запланаваная здача – люты 2016”.
Тым часам жыццё ў бараках працягваецца – не дай божа кожнаму. Кажа мне кіраўніца ўтворанай ініцыятыўнай групы ды галоўная перамоўніца з уладамі ад жыхароў Вераніка Рудніц:
Рудніц: Наш дом быў прызнаны “ветлым” жытлом больш за 3 гады таму. Столі паправісалі аж да таго, што майстры з ЖЭСа прапанавалі жыхарам аднаго з баракаў пасярод пад’езда паставіць “стаяк”, каб яны як-небудзь пасярод ночы не абрынуліся на галаву. Адказны за працу з намі Суслянкоў з Маскоўскага райвыканкама яшчэ паўтара года таму паабяцаў, што зменіць забудоўшчыка, калі не будзе адпавядаць нашым патрабаванням. Воз на месцы! Што ж да патрабаванняў лаўкі на вуліцы пафарбаваць, для дзяцей пляцоўку зрабіць – адказ: “Вас зносяць”. Афіцыйна ў нас ёсць замежны забудоўшчык – фірма “Дачстар”. Яна мусіла рэалізаваць права ўласніка і рассяліць нас па кватэрэх, прыбраць баракі. За гэты час знеслі толькі адзін. Кормяць пісьмовымі абяцанкамі – “чакайце”. Невядома дакуль і да чаго. У хмарачосы ўсяліць нас – у іх, маўляў, няма столькі грошай. Плюс, кажуць, праблема з валютай, бо ніхто цяпер не прадае кватэры за беларускія рублі. Але ў Дзяржнаглядзе нам сказалі, што яны не мелі права пачынаць будаўніцтва, не рассяліўшы нас!
Вераніка Рудніц
РР: А ці праўда, што зараз хмарачос побач з вамі будуецца незаконна?
Рудніц: Так, ужо месяц займаюцца самабудам. У “Дачстары” мне адкрытым тэкстам прызнаў гэта галоўны інжынер. Але ціснуць дольшчыкі – мы заплацілі, будуйце! Выклікалі міліцыянтаў – тыя прыязджаюць, нічога не прадпрымаюць, толькі смяюцца. Так што мяркуйце самі, хто кім “павязаны”.
РР: Якое-небудзь выйсце бачыце?
Рудніц: Вой, не ведаю да каго пайсці ці звярнуцца. Нікому да нас няма справаў…
Такім чынам, жыхары злашчасных баракаў лёсам ды ўладай умоўна падзеленыя на дзве незайздросныя катэгорыі. Тыя, хто ў аглядальнай будучыні так і застануцца ў непрыдатным жытле і хто мусяць пераехаць у праславутыя “Б/У”. Усе пагражаюць падаць позвы ў суд. Хто – на ўлады, што не выконваюць абяцанні па зносу. Хто – на дзялкоў з фірмы “БудСМманаліт”, што мяняюць дзеля іх шыла на мыла.
Баракі ўнутры і на фоне горада, а таксама хмарачос, што будуецца побач
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара