Баракі на Грушаўцы: Улады ізноў ідуць на падман жыхароў



Паводле публічна агучанага рашэння Маскоўскага райвыканкама сталіцы, увосень мусяць быць знесеныя восем двухпавярховых драўляных жылых дамоў, што стаяць у цэнтры Менска, у некалькіх сотнях метраў хады ад станцыі метро “Грушаўка”. А іх жыхары пераселеныя ва ўпарадкаваныя кватэры. З-за адсутнасці належных бытавых умоў ды ветхасці – пабудаваныя адны аж у 1936-м, іншыя пасля Другой сусветнай – да паўтысячы пасяленцаў сваё сённяшняе жытло называюць “баракамі”.

І – не вераць уладам, бо апошнія прымаюць рашэнні на перасяленне аж з канца 2011 года. Дарэчы, з бліжэйшага хмарачоса ў кіламетр з гакам на розныя бакі бачныя Дом ураду ды рэзідэнцыя Лукашэнкі.  

 …За апошнія тры гады я прыехаў – цяпер па просьбе жыхароў – ужо чацвёрты раз. Першай, каго ўбачыў, была незнаёмая бабулька, што палола невялікія градкі побач з адным з баракаў. 78-гадовая Марыя Рыгораўна Шурло прыехала да дачкі з кінутай вёскі ў Рэчыцкім раёне. Але нават яна жахаецца – маўляў, хіба можна так жыць маладым, як у куратніку?! Вы паглядзіце – звонку падбілі нейкай “паперай” тое, што ў фундаменце пагніло і пападала! Гэты дом і ў вёсцы трэба было б зносіць. А нам даводзіцца жыць!

Падымаюся на другі паверх, дзе жыве нефармальная кіраўніца ініцыятыўнай групы і перамоўніца з уладамі , спадарыня Святлана Турава. Амаль тры дзесяцігоддзі ў чарзе на кватэру.

Вольга Турава.

Выходзіць разам з малодшай дачкой Воляй, у якой мусіць нарадзіцца трэцяе дзіця. У папярэдніх двух алергія на сырасць.

ТУРАВА: Ні за што плацім камуналку па 90 – 900 тысяч старымі – рублёў. І гэта толькі ў летні перыяд. Глядзіце жыроўку – касмічныя сумы! Тэхнічнае абслугоўванне – 200 тысяч старымі. Яго па-просту няма! Капітальны рамонт – вы зірніце на абадраныя сцены ў пад’ездах. І самая вялікая цана за газ да 240 тысяч без газавага ацяплення. Пры тым, што душ і прыбіральня, лічыце, на двары! Прэтэнзіі велічэзныя! Смецце, за вынас якога плацім, не ўбіраецца датуль, што часам не выйсці з кватэры. З дзецьмі на двары не пагуляць. Падлогі гнілыя настолькі, што працуючая пральная машына, калі яе не трымаць, можа да сцяны дакаціцца. Хтосьці з тазоў на ўнітазе мыецца, нехта “скараціў” для гэтага калідорчык. Дзіця трохмесячнае на руках сын трымаў, а маці мыла. А Лукашэнка кажа – нараджайце больш дзяцей, дапаможам. Ціхі жах! Апошнім часам з’явіліся пацукі. А тараканы! У нашых дзетак амаль ва ўсіх алергія ад хімічных патраваў! А во зойдзем да суседзяў – у іх на кухні цячэ непрыхаваная каналізацыя!

Пачуўшы размову, яны падыходзяць далучыцца самі.

Былы афганец, 50-гадовы Уладзімір: Самі бачыце, якая сітуацыя – побач будоўля 35-павярховага гмаху ў 3 змены. Ноччу таксама ўсё трасецца, кран “бамбіць” – не заснуць! Фірмачы  вывесілі ў адкрытую рэкламныя абвесткі пра продаж кватэр і офісаў у іх. А нас гоняць на ўскраіну ў кватэры тыпа б/у (былыя ва ўжытку – В.С. ) аж за Каменную Горку і Малінаўку, увогуле, за Менск. Хоць наша  Грушаўка у самым цэнтры! І днём “нармалёва” – вада працякае, столі валяцца, усё рыпіць, мышы скрабуцца…

Падыходзіць Таццяна Іосіфаўна Урбановіч, што ў бараку ў двух маленькіх пакойчыках з 1976, усклікае: Вы здымайце-здымайце, як дзьме з усіх бакоў! Мы даўно нікога і нічога не баімся! З нашых “зямлянак” высяляць ужо няма куды. Тут жывуць звычайныя рабацягі. А паставіць лічыльнікі –  3-5 млн . А раптам з’ехаць, бо гадамі жывём на чамаданах. Плюс святло, тэлефон – і без лічыльнікаў выходзіць за камуналку аж мільён 200 тысяч! У мяне сябры з Серабранкі, дзе ёсць і прыбіральня, і ванна з гарачай вадой – за трохпакаёку за ўсё выходзіць 400 тысяч. А за нашу ламаччыну – аплата, як на маскоўскай Рублёўцы!  Абуральна тое, што ідучы побач людзі, гледзячы вонкава на наша жытло, спрэс прымаюць нас за “бамжоў”!

РР: А вы не задавалі пытанне прадстаўнікам уладаў, чаму вас не засяляюць ў хмарачосы, што будуюцца побач?

Святлана Турава.

ТУРАВА: Афіцыйна ў нас ёсць замежны забудоўшчык – фірма “Дачстар”. Яна мусіла рэалізаваць права ўласніка і рассяліць нас па кватэрэх, прыбраць баракі. За гэты час знеслі толькі адзін. І замянілі сёе-тое з-за пажару, што адбыўся у крайнім да будоўлі бараку.  Кормяць пісьмовымі абяцанкамі – “чакайце”. Невядома дакуль і да чаго. У хмарачосы ўсяліць нас – у іх, маўляў, няма столькі грошай. Плюс, кажуць, праблема з валютай, бо ніхто цяпер ня прадае кватэры за беларускія рублі. Але ў Дзяржнаглядзе нам сказалі, што яны не мелі права пачынаць будаўніцтва, не рассяліўшы нас! А цяпер ужо перакананыя, што сёлета нас не знясуць і мыкацца нам мінімум яшчэ два гады…

Я патэлефанаваў ў “СтройСМманаліт”, чые запрашальныя плакаты на набыццё офісаў і кватэр прама навідавоку. Здаецца, стала ясна, чаму пабудаваныя жылплошчы ў гмахах не аддаюць тутэйшым. Жаночы голас у адказ на мой запыт як набыць у іх двухпакаёўку з напорам тут жа “выдаў”:

СПАДАРЫНЯ: Самы маленькі памер у нас – 65,5 квадратных мэтраў, самы вялікі – 72. Мінімум 30% ад агульнага кошту мусіце ўнесці адразу. Кошт квадратнага метра – 1550 ДАЛЯРАЎ!

Ганна Гайдзецкая.

Спадарыня Ганна Гайдзецкая падыходзіць: З жахам чакаем ацяпляльнага сезону. У нас калонкі і катлы старога ўзору. Прымусяць купляць новыя, бо інакш, кажуць, не падключаць. Мінулым годам было ўжо папярэджанне, што хоць адна паломка – забароняць карыстацца старымі. Што нас чакае гэтай восенню – мы яшчэ  не ведаем…

Жыхары баракаў на Грушаўцы бачаць галоўную небяспеку для сябе, што пасля трэцяй прапановы ўлады, паводле заканадаўства, прымусова пераселяць іх у так званае жытло, што “было ва ўжыванні” і знаходзіцца на ўскраіне Менска, у далечыні ад транспартных магістралей. Тым часам, “баракі” лічацца восем год у аварыйным стане.

[Not a valid template]

 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара