Баранавіцкага актывіста выклікаюць у міліцыю



Мікалай Чарнавус (старэйшы) – грамадскі актывіст з Баранавічаў – атрымаў позву ў міліцыю на 1 траўня на 12 гадзін.

Выклікае яго ў якасці сведкі па адміністрацыйнай справе старэйшы ўчастковы аддзела аховы правапарадку Мікалай Капелька. Як кажа актывіст, позву яму ўручылі на працоўным месцы, на рынку:

– Мой сусед па доме быў асуджаны, вызваліўся – яго міліцыя наведвае кожны тыдзень. Сёння я не асуджаны, а маю сям’ю міліцыя наведвае кожны дзень. Ці то павестка, ці то проста праверыць, дома я або не. Каб не з’ехалі на 1 траўня ў Менск, і сыну майму, і мне далі павестку.

Паводле Мікалая Чарнавуса, позву для сына ён узяць адмовіўся. Як яму паведаміў сусед, трое міліцыянтаў прыходзілі дадому актывіста і званілі ў дзверы ў тры гадзіны ночы.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы