Баранавіцкага актывіста зноў пакаралі штрафам
Грамадскі актывіст Рыгор Грык пакараны Баранавіцкім судом штрафам у 40 базавых велічынь, што складае 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў. На памер штрафа паўплывала другое правапарушэнне за год. Для такога пакарання суддзі Вользе Копач хапіла толькі пратакола, складзенага на Грыка завочна міліцыянтамі падчас акцыі прадпрымальнікаў у Менску. Актывіст не пагадзіўся з напісаным у пратаколе і запатрабаваў выклікаць міліцыянтаў у суд. Але тыя не змаглі прыехаць “па сямейных абставінах”. Судовае паседжанне доўжылася ўсяго 6 хвілін. Суддзя вынесла і зачытала рашэнне не выходзячы з залы. Такі суд выклікаў абурэнне ў прысутных.
Кажа Рыгор Грык:
– Мы бачым, што жывем у канцлагеры. А ў канцлагеры не можа быць справядлівых судоў.
Праваабаронца з ПЦ “Вясна” Сяргей Гоўша:
– Сведкі кажуць адно, Грык – другое. А суддзя пасля заяўляе: “Пасля ўсебаковага разгляду прыйшла да выніку, што Грык вінаваты”.
Уладзімір Гундар:
– Такога хуткага суда ў Баранавічах не было. На гэтыя суды няма сэнсу хадзіць, бо ўсё загадзя напісана.
Рыгора Грыка двойчы за год пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Першы раз у канцы кастрычніка за пікет у падтрымку Таццяны Караткевіч штрафам у 25 базавых велічынь. На момант суда Грык ужо быў звольнены з працы і да гэтага часу не можа працаўладкавацца.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы