Баранавіцкая міліцыя шукае арганізатараў акцыі супраць Дэкрэта №3
У Баранавіцкім гарадскім аддзеле ўнутраных спраў паспрабавалі правесці апытанне актывістаў па зборы подпісаў супраць Дэкрэта №3 сына і бацьку Міколаў Чарнавусаў з Баранавіч.
Прычынай таму стала масавая акцыя на цэнтральнай плошчы горада 26 лютага. Міліцыянтаў цікавілі прозвішчы выступоўцаў і арганізатараў, кажа Мікола Чарнавус (малодшы):
– Нас азнаёмілі з матэрыяламі справы, якую рыхтуюць па падзеях, якія адбываліся ў нашым горадзе ў нядзелю. Па дадзеным факце мы нічога не можам сказаць на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Супрацоўнікі Баранавіцкага ГАУС паведамілі, што да 7 сакавіка яны будуць шукаць выступоўцаў. А 7-га Чарнавусы павінны з’явіцца ў аддзел міліцыі для складання адміністрацыйнага пратакола. Гэта ўжо другі пратакол, які будзе складзены на актывістаў. Першы – за збор подпісаў ля падатковай інспекцыі 6-га лютага. Міколаў Чарнавусаў абвінавачваюць у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы