Баранавіцкі актывіст скардзіцца на дзеянні міліцыі



Грамадскі актывіст з Баранавіч Рыгор Грык звярнуўся з заявай ў раённую пракуратуру. Ён скардзіцца на незаконныя дзеянні мясцовых супрацоўнікаў міліцыі, якія чатыры  разы яго гвалтоўна затрымлівалі па выхадзе з дому, і трымалі ў міліцыі па сем і болей гадзін – насуперак закону, – кажа Рыгор Грык:

– Я напісаў не толькі пра апошняе затрыманне, але і пра тры затрыманні перад гэтым. Каб яны правялі праверку і далі прававую ацэнку гэтым беззаконням, якія ажыццяўляюць нашы баранавіцкія міліцыянты. Пратрымалі мяне 7 гадзінаў без ежы. І ніякіх дакументаў, якія б пацвердзілі маё знаходжанне ў пастарунку, мне не далі.

Апошні раз Рыгора Грыка забралі як сведку па інфармацыі, якая з’явілася на сайце Беларускага Радыё Рацыя. У інфармацыі Грык пракаментаваў з’яўленне ўлётак на вуліцах Баранавічаў са зместам: “Патрыёты – не злачынцы!” і “Колькі сродкаў з бюджэта атрымліваюць сілавыя структуры ў параўнанні з іншымі выдаткамі”.

Беларускае Радыё Рацыя