Баранавіцкі актывіст заяўляе, што яго збілі міліцыянты
Баранавіцкага актывіста “Маладога Фронту” Кірыла Лукшу пасля акцыі пратэсту збілі міліцыянты. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў сам пацярпелы. Сітуацыю каментуе сустаршыня арганізацыі “Малады Фронт” Андрусь Цянюта:
– Кірыл Лукша працягнуў серыю акцый супраць дэкрэту аб тунеядстве. Падчас чарговай акцыі актывіст быў затрыманы і збіты міліцыяй. Мы лічым, што гэта было перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі і працяг палітычнага пераследу актывістаў арганізацыі.
Нагадаем, што раней Кірыл Лукша разам з Аляксандрам Пялепам пратэставалі з плакатам “Мы за справядлівасць” ды партрэтам Аляксандра Лукашэнкі каля прахадной Баранавіцкага вытворчага баваўняна-папяровага аб’яднання. Акцыя была скіравана супраць скарачэння рабочых прадпрыемства, сярод якіх была ягоная маці.
Гэтым разам актывіст хадзіў з плакатам, на якім была напісана просьба пра дапамогу ў выплаце падатку на “дармаедства”. Кірыл мае намер працягнуць пратэсты ды напісаць заяву па факце пабояў у міліцыю.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце